Дэградацыя інфраструктуры Украіны стала ключавым элементам стратэгіі Расіі, але працяг удараў такога маштабу, як у аўторак, стварае вялікую нагрузку на расійскія запасы звычайных крылатых ракет, заявіла ў чацвер Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.
У штодзённай інфармацыі выведкі гаворыцца, што ў аўторак, 15 лістапада, у другой палове дня Расія нанесла да 80 ракетных удараў далёкага радыусу дзеяння, галоўным чынам па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры ва Украіне, і што гэта, верагодна, самая вялікая колькасць удараў, якія Расія нанесла за адзін дзень з моманту першага тыдня ўварвання.
«Ракеты запускаліся з паветраных, марскіх і наземных платформаў. Нягледзячы на тое, што значная частка ракет была паспяхова перахоплена, Украіна сутыкнулася са значным зніжэннем электраэнергіі, даступнай з нацыянальнай сеткі. Гэта паўплывае на доступ грамадзян да сувязі, ацяплення і водазабеспячэння. Працяг удараў такога маштабу стварае цяжкую нагрузку на расійскія запасы звычайных крылатых ракет, а дэградацыя нацыянальнай інфраструктуры Украіны стала ключавым кампанентам стратэгічнага падыходу Расіі да гэтай кампаніі», адзначылі ў брытанскай выведцы.
У чацвер раніцай супрацпаветраная трывога была аб’яўлена на тэрыторыі цэлай Украіны. Паводле непацверджаных звестак, расійскія ракеты ляцяць з раёна Каспійскага мора і з тэрыторыі Расіі. Расійскі знішчальнік МіГ-31, здольны несці гіпергукавыя ракеты «Кінжал» з далёкасцю да 2000 км, вылецеў з аэрапорта ў Беларусі.
ав