Памёр былы Папа Рымскі Бенедыкт XVI (свецкае прозвішча Ёзэф Ратцынгер).
Папе Бенедыкту XVI было 95 гадоў. Ён узначальваў Каталіцкі Касцёл пасля смерці Яна Паўла ІІ, з 2005 па 2013 год. Папа Бенедыкт XVI быў першым рымскім біскупам з XIII стагоддзя, які добраахвотна пакінуў сваю пасаду. Пра сваё рашэнне сысці ў адстаўку абвясціў 11 лютага 2013 г.
«Я сыходжу з пасады дзеля дабра Касцёла», – сказаў ён, патлумачыўшы, што сыходзіць у сувязі са сталым узростам і аслабленнем здароўя.
Да абрання на Пасад Пятра кардынал Ёзэф Ратцынгер, які лічыцца адным з самых выбітных сучасных тэолагаў, займаў пасаду прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. Быў адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў Яна Паўла ІІ.
Бенедыкт XVI засяродзіў свой пантыфікат на місіі Касцёла, заснаванай на любові да Бога. Папа неаднаразова выказваў салідарнасць са слабымі і хворымі, ахвярамі войнаў і канфліктаў. Ён рашуча выступаў за абарону чалавечага жыцця, супраць абортаў і эўтаназіі. Ён перасцерагаў ад рэлятывізму не толькі ў міжасабовых адносінах, але таксама ў Касцёле і паміж народамі. Ён выказаў заклапочанасць хрысціянскай еднасцю, не адмаўляючыся ад міжрэлігійнага дыялогу.
Адной з самых складаных праблем, з якой давялося сутыкнуцца Бэнэдыкту XVI, былі скандалы ў Касцёле, звязаныя з сексуальнымі злоўжываннямі і педафіліяй святароў. Папа публічна папрасіў прабачэння за грахі святароў і падкрэсліў, што вінаватыя павінны быць пакараныя.
Сярод шматлікіх заданняў Пантыфікату Бенедыкт XVI на асаблівае месца паставіў місію ў адносінах да моладзі. Ён працягнуў сусветныя сустрэчы з моладдзю, распачатыя Янам Паўлам ІІ, і ўзначаліў СДМ у Кёльне, Сіднэі і Мадрыдзе.
Бэнэдыкт XVI здзейсніў 24 замежныя паездкі, наведаўшы 24 краіны. Сімвалічным стаў візіт Бэнэдыкта XVI у былы нямецкі канцлагер Аўшвіц-Біркенаў падчас яго знаходжання ў Польшчы ў 2006 г.
Ёзэф Алаіз Ратцынгер нарадзіўся 16 красавіка 1927 года ў нямецкай Баварыі ў сям'і паліцэйскага і хатняй гаспадыні – Ёзэфа і Марыі Ратцынгер. Дзяцінства і юнацтва правёў у Траунштайне каля аўстрыйскай мяжы. У канцы Другой сусветнай вайны, у 1945 годзе, быў прызваны ў армію памочнікам зенітнай артылерыі. У 1946-1951 гадах вывучаў філасофію і тэалогію ў Фрайзінгу і Мюнхене.
У 1951 г. стаў святаром. Ёзэф Ратцынгер займаў шмат важных пасадаў у Касцёле. Ён узначальваў, між іншым, Міжнародную тэалагічную камісію, быў членам Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і прэзідэнтам Папскай біблійнай камісіі. З 1981 па 2005 год ён узначальваў Кангрэгацыю Веравучэння. Да абрання папам ён восем разоў наведваў Польшчу.
Пантыфікат Бенедыкта XVI быў шмат у чым асаблівым для палякаў, у тым ліку і таму, што Папа часта прамаўляў на польскай мове.
iar/нг