Беларуская Служба

Цэны на пшаніцу на Чыкагскай біржы падскочылі на 4% пасля атакі расіян на порт у Ізмаіле

02.08.2023 16:20
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна не павялічваць напружанасць. Гэта прагучала ў тэлефоннай размове пасля таго, як расіяне ўначы атакавалі ўкраінскі порт у Ізмаіле на Дунаі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.joreks/ Shutterstock

Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў Уладзіміру Пуціну, што будзе ўдзельнічаць у дыпламатычных намаганнях для аднаўлення збожжавага пагаднення. Ён падкрэсліў, што Чарнаморская ініцыятыва – гэта мост да міру. Акрамя таго, прэзідэнты дамовіліся, што Уладзімір Пуцін наведае Турцыю з візітам.

Пагадненне, узгодненае Турцыяй і ААН, дазваляла Украіне экспартаваць збожжа праз чарнаморскія парты. У сярэдзіне ліпеня расіяне выйшлі з пагаднення, перашкаджаючы экспарту збожжа і рэгулярна абстрэльваючы сельскагаспадарчую інфраструктуру Украіны.

Гэтай ноччу расіяне нанеслі ўдар па Ізмаілу ў Адэскай вобласці, на мяжы з Румыніяй, які служыў галоўным альтэрнатыўным маршрутам экспарту збожжа з Украіны пасля таго, як Масква выйшла з пагаднення аб збожжы. У выніку атакі беспілотніка пашкоджаныя збожавыя склады, элеватары, кантэйнеры ў тэрмінале, адміністрацыйныя будынкі. Было знішчана амаль 40 тысяч тон збожжа. Збожжа ў разбураных складах прызначалася для краіны Афрыкі, Кітая і Ізраілю.

У момант нападу тры гандлёвыя караблі накіроўваліся ў порт за збожжам. Па некаторых дадзеных, судны ўжо прышвартаваліся каля порта. Усе аперацыі былі прыпыненыя.

«Цэны на пшаніцу на Чыкагскай біржы падскочылі на 4% пасля атакі ў сераду, і выраслі яшчэ прыкладна на 2,5% пазней раніцай. Трэйдары зноў занепакоеныя ўдарам па глабальных пастаўках з-за выцяснення з рынку Украіны, аднаго з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў», – паведамляе Reuters.

Агенцтва спасылаецца на «крыніцу ў прамысловасці», якая пацвердзіла, што ў порце Ізмаіла ўзровень шкоды «сур'ёзны».

Аналітыкі таксама паведамляюць, што па стане на 1 жніўня, з прычыны зрыву збожжавай здзелкі, экспарт збожжа з Украіны за месяц знізіўся на 40% у параўнанні з чэрвенем, адзначае агенцтва.

Атака Расіі на Ізмаіл азначае, што Крэмль «павялічвае прымяненне сілы для аднаўлення марской экспартнай блакады Украіны».

Адзначаецца, што порт на Дунаі дзякуючы члену НАТА Румыніі служыў асноўным альтэрнатыўным маршрутам з Украіны для экспарту збожжа з таго часу, як Расія аднавіла фактычную блакаду чарнаморскіх партоў Украіны ў сярэдзіне ліпеня.

IAR / вх