Беларуская Служба

Сусветная гандлёвая арганізацыя пацвердзіла, што Украіна падала скаргу на эмбарга на збожжа

19.09.2023 10:24
На думку польскіх уладаў, прыток украінскага збожжа цалкам дэстабілізаваў бы польскі сельскагаспадарчы рынак.
  .
Збожжа ў зернясховішчы. Ілюстрацыйны здымак Foto: pixabay.com/Mexxicana

Сусветная гандлёвая арганізацыя пацвердзіла, што Украіна падала скаргу з нагоды пашырэння некаторымі краінамі эмбарга на ўкраінскую сельскагаспадарчую прадукцыю. Учора арганізацыя паведаміла, што пазовы тычацца Польшчы, Венгрыі і Славаччыны, якія падоўжылі забарону на ўвоз збожжа з Украіны, хоць Еўрасаюз гэтага не зрабіў.

Да 15 верасня дзейнічала эмбарга ЕС на імпарт некаторых злакавых у пяць краінаў Еўрасаюзу, у тым ліку ў Польшчу. Нягледзячы на намаганні некаторых краін Супольнасці, Еўрапейская камісія не вырашыла яго падоўжыць. На думку польскіх уладаў, прыток украінскага збожжа цалкам дэстабілізаваў бы польскі сельскагаспадарчы рынак.

У сваю чаргу прэсавы сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што рашэнне падоўжыць эмбарга на ўвоз украінскага збожжа на ўнутраныя рынкі Польшчай і іншымі краінамі – гэта іх суверэннае рашэнне. «Было б крывадушна, калі б мы прымушалі іх змяніць рашэнне», – сказаў прэс-сакратар падчас прэс-канферэнцыі.

Джон Кірбі падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі заклапочанасць краінаў Еўрасаюзу адносна імпарту ўкраінскага збожжа зразумелая. «Уся барацьба ва Украіне ідзе вакол ідэі суверэнітэту, якая замацавана ў Статуце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Мы былі б крывадушнікамі, калі б прымусілі змяніць суверэнныя рашэнні, якія жадаюць прыняць гэтыя краіны», – сказаў Джон Кірбі.

Прэс-сакратар падкрэсліў, што ЗША хочуць вярнуцца да экспарту ўкраінскага збожжа праз Чорнае мора. Ён дадаў, што такое рашэнне можа зрабіць шмат у барацьбе з голадам і пакутамі ў найбольш патрабуючых краінах.

ав