У Венесуэле 95% грамадзян падтрымалі намер улад краіны ўключыць у яе склад новы штат – Эсекіба. Такія вынікі рэферэндуму па гэтым пытанні, праведзенага ў нядзелю, 3 снежня, насуперак рашэнню Міжнароднага суда ААН, які прадпісваў Каракасу ўстрымацца ад любых дзеянняў па змяненні сітуацыі ў тэрытарыяльнай спрэчцы з Гаянай.
Улады Венесуэлы назвалі гэты рэферэндум «кансультатыўным» і ўключылі ў яго пяць пытанняў. Апошні з іх гучаў так: «Ці згодныя вы са стварэннем штата Эсекіба, распрацоўкай паскоранага плана комплекснага абслугоўвання цяперашняга і будучага насельніцтва гэтай тэрыторыі, што ўключае таксама прадастаўленне грамадзянства і венесуэльскага пасведчання асобы ў адпаведнасці з Жэнеўскім пагадненнем і міжнародным правам і прывядзе да ўключэння названага штата ў склад тэрыторыі Венесуэлы?»
Прадстаўнікі Гаяны 14 лістапада звярнуліся да Міжнароднага суда ААН з просьбай не дапусціць правядзення рэферэндуму, які, як яны баяцца, дазволіць Венесуэле сілай захапіць Эсекіба.
Гаворка ідзе пра тэрыторыю плошчай 159,5 тыс. квадратных кіламетраў на захад ад ракі Эсекіба. Гэта больш за дзве траціны Гаяны, на ёй пражываюць 283 000 чалавек з крыху больш за 800 000 агульнага насельніцтва краіны.
Тэрытарыяльная спрэчка Гаяны з Венесуэлай абвастрылася ў сувязі з адкрыццём у 2015 годзе нафтавых радовішчаў, якія змяшчаюць як мінімум 10 млрд барэляў нафты, і прадастаўленнем Гаянай канцэсіі кампаніі ExxonMobil на нафтаздабычу на шэльфе, межы якога не дэлімітаваны.
IAR/PAP/ez