Беларуская Служба

Сёння вечарам адбудуцца першыя тэледэбаты Байдэна і Трампа

27.06.2024 19:02
Паводле каментатараў, стаўкі ў дэбатах вельмі высокія для абодвух кандыдатаў.
Сцяг ЗШАFoto: oohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння вечарам два галоўныя кандыдаты ў прэзідэнты ЗША – Джо Байдэн і Дональд Трамп – сустрэнуцца падчас тэледэбатаў. Гэта будзе адна з найважнейшых падзеяў выбарчай кампаніі ў ЗША. Большасць амерыканцаў кажуць, што будуць назіраць выступленнямі цяперашняга і былога прэзідэнтаў. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі:

- Першыя дэбаты прэзідэнцкай кампаніі арганізуе CNN. Яны пройдуць у сядзібе тэлебачання ў Атланце. Шоу будуць трансляваць і іншыя тэлеканалы. Дэбаты, якія будуць доўжыцца 90 хвілін, пачнуцца ў 21:00 па мясцовым часе, гэта значыць у 3:00 па польскім. У адпаведнасці з правіламі, узгодненымі з выбарчым штабам, гледачоў у зале не будзе. Мікрафон будзе ўключаны толькі для ўдзельніка, які адказвае на пытанне. Кандыдаты атрымаюць толькі ручку, паперу і бутэльку вады. Стаўкі ў дэбатах вельмі высокія для абодвух кандыдатаў, паколькі апытанні паказваюць вельмі выраўнаную барацьбу. 81-гадовы Джо Байдэн павінен паказаць, што, нягледзячы на ўзрост, у яго дастаткова энергіі, каб кіраваць краінай наступныя чатыры гады. Мэтай Дональда Трампа будзе прадэманстраваць, што ён не хаатычны і засяроджаны на асабістай помсце палітычным апанентам, а мае канкрэтную праграму, якая прынясе карысць звычайным амерыканцам.

IAR/аз