Беларуская Служба

У Францыі пачалося галасаванне на датэрміновых парламенцкіх выбарах

30.06.2024 08:12
У Францыі пачалося галасаванне ў першым туры датэрміновых парламенцкіх выбараў.
Ілюстрацыйны здымакEPA/MOHAMMED BADRA Dostawca: PAP/EPA.

Прэзідэнт Эмануэль Макрон распусціў парламент і прызначыў датэрміновае галасаванне пасля гістарычнай перамогі нацыяналістаў на выбарах у Еўрапейскі парламент. Французы выбіраюць 577 дэпутатаў Нацыянальнай асамблеі, ніжняй палаты парламента, на пяцігадовы тэрмін.

Апытанні прагназуюць, што выбары выйграе так званы нацыянальны блок - які складаецца з нацыяналістычнай партыі РН і яе правацэнтрысцкіх саюзнікаў. Іх падтрымліваюць каля 35 працэнтаў выбаршчыкаў.

Другое месца, верагодна, зоймуць левыя, а трэцяе —  кіруючая цяпер цэнтрысцкая кааліцыя, якая, верагодна, страціць уладу.

Аднак вынікі выбараў цяжка прадбачыць з-за складанага выбарчага заканадаўства. Дэпутаты Нацыянальнага сходу абіраюцца прамым галасаваннем па аднамандатнай акруговай сістэме. У другі тур выходзяць кандыдаты, за якіх прагаласавала не менш як 12,5 працэнта зарэгістраваных выбаршчыкаў. Гэта значыць, што яўка можа моцна паўплываць на вынік.

Эксперты чакаюць, што ў галасаванні возьмуць удзел больш за 60 працэнтаў французаў, што стане самым высокім вынікам за больш чым 20 гадоў. Аб вялікай цікавасці да выбараў сведчыць і колькасць чалавек - больш за два мільёны - якія заявілі аб жаданні галасаваць па даверанасці.

Дакладная расстаноўка сіл у палаце дэпутатаў Францыі стане вядомая пасля другога тура, які адбудзецца 7 ліпеня.

ПР/юл