Грузінскія СМІ паведамляюць пра ўкідванне бюлетэняў у скрыні, перашкоды працы назіральнікаў, выпадкі подкупу, запалохвання выбаршчыкаў і нават бойкі.
Таксама ёсць паведамленні аб нападах на супрацоўнікаў СМІ. Кіраўнік рэдакцыі навін TV Pirveli Нодар Меладзэ паведаміў, што на здымачную групу тэлеканала быў здзейснены напад у Тэлаві на ўсходзе Грузіі. Ён дадаў, што маёмасць станцыі знішчана. Паводле яго слоў, на здымачную групу напалі члены кіруючай партыі «Грузінская мара», калі аператар запісваў прыклады ціску на выбаршчыкаў і подкупу.
Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі звярнулася да суайчыннікаў з заклікам не баяцца чыёй-небудзь помсты і ісці на выбары. Саламэ Зурабішвілі адной з першых прагаласавала на парламенцкіх выбарах. Сёння грузіны выбіраюць 150 дэпутатаў аднапалатнага парламента. Некаторыя незалежныя назіральнікі кажуць, што грузіны ў вёсках і мястэчках хочуць галасаваць, але баяцца, што нехта даведаецца, за каго яны галасавалі. Асабліва баяцца людзі, якія працуюць у бюджэтнай сферы, і тыя, чые працадаўцы звязаныя з кіруючай партыяй «Грузінская мара».
Па выніках 7 гадзін працы выбарчых участкаў, паводле звестак Цэнтрвыбаркама, прагаласавалі амаль 42 працэнты выбаршчыкаў. Незалежныя аглядальнікі прагназуюць, што ў яўка перавысіць 60 працэнтаў і будзе падобная на яўку 2012 года, калі грузіны адхілілі ад улады партыю прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі і прагаласавалі за прадстаўнікоў «Грузінскай мары» — тады кааліцыі, заснаванай мільярдэрам Бідзіна Іванішвілі.
Цяпер кіруючая «Грузінская мара» праводзіць прарасійскую палітыку, што выклікае супраціў у вялікай часткі грузінскага грамадства. Верагодна, гэтыя выбары вырашаюць лёс Грузіі і яе арыентацыю на Захад ці на Расію ў бліжэйшы час.
Паводле РАР/вх