Мы чуем, што Ізраіль эвакуіруе мірных палестынцаў дзеля іх бяспекі, але загады, якія выдае армія, зусім не забяспечваюць гэтую бяспеку, кажа Надзя Хардман з Human Rights Watch:
- Human Rights Watch прааналізавала загады аб эвакуацыі - усяго іх 185 - і выявіла, што яны непаслядоўныя і незразумелыя. Людзей падвяргалі небяспецы, бяспечныя маршруты атакавалі, бяспечныя зоны атакавалі. Таму Ізраіль не можа падаваць прыклады, што ён эвакуіруе людзей дзеля іх бяспекі, таму што іх няма куды бяспечна эвакуіраваць.
Для справаздачы Human Rights Watch апытала 39 чалавек, перамешчаных у Cектары Газа, прааналізавала сістэму эвакуацыі, укаранёную ізраільскімі ўладамі, і спадарожнікавыя здымкі, а таксама фота і відэаматэрыялы. HRW адзначае, што загады аб эвакуацыі часта выдаюцца занадта позна, у выніку чаго палестынцы не маюць часу на ўцёкі.
Аўтары справаздачы пішуць, што мірнае насельніцтва часта перасялялі па некалькі разоў, часта без рацыянальнай прычыны. Яны дадаюць, што замест таго, каб забяспечыць бяспеку грамадзянскіх асоб, загады аб эвакуацыі нанеслі сур'ёзны ўрон. Справаздача ахоплівала перамяшчэнне 90 працэнтаў жыхароў Газы - агулам амаль 2 мільёны палестынцаў.
На думку арганізацыі, да справы павінен падключыцца Міжнародны крымінальны суд, каб праверыць, ці з'яўляецца прымусовае перасяленне і пазбаўленне магчымасці вярнуцца актамі супраць чалавечнасці. HRW выказваецца за ўвядзенне санкцый супраць Ізраілю, у тым ліку перагляд двухбаковых пагадненняў з краінай і аказанне ціску на яе з мэтай прымянення міжнароднага права, якое абараняе грамадзянскае насельніцтва. Аўтары хочуць, каб усе краіны, у тым ліку ЗША і Германія, таксама спынілі перадачу зброі і іншай ваеннай падтрымкі Ізраілю. «Невыкананне гэтага можа быць расцэнена як саўдзел у ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці і іншых сур'ёзных парушэннях правоў чалавека», - пішуць аўтары.
Ізраіль пакуль не пракаментаваў справаздачу Human Rights Watch.
ав