Гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя заклікаў Ізраіль спыніць напады на бальніцы ў Сектары Газа. Пазаўчора ізраільскія войскі разбамбілі бальніцы аль-Вафа і аль-Ахлі ў горадзе Газа, а раней прымусілі закрыць найбуйнейшую дзеючую бальніцу на поўначы сектара - Камаль Адван у Бейт-Лахіі.
У выніку ізраільскіх нападаў на бальніцы загінулі больш за 50 чалавек, шмат палестынцаў атрымалі раненні. Дакладная колькасць пацярпелых невядомая.
Генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Аданом Гебрэесус напісаў у паведамленні на платформе X, што «бальніцы ў Сектары Газа зноў сталі полем бітвы, а сістэма аховы здароўя знаходзіцца пад сур'ёзнай пагрозай».
Ён заклікаў неадкладна спыніць атакі на медыцынскія ўстановы, таму што «жыхарам Сектара Газа патрэбны доступ да медыцынскай дапамогі, а гуманітарным работнікам неабходны доступ да медыцынскіх устаноў, каб мець магчымасць аказваць дапамогу палестынцам».
У пятніцу Ізраіль уварваўся ў бальніцу Камаль Адван у Бейт-Лахіі, дзе былі затрыманыя больш за 240 палестынцаў, у тым ліку некалькі дзясяткаў членаў медперсаналу і дырэктар бальніцы.
Ізраільская армія сцвярджае, што шпіталь быў прытулкам для тэрарыстаў, а пацыенты былі бяспечна эвакуяваныя. ХАМАС адмаўляе выкарыстанне памяшканняў аб'екта для сваіх мэтаў.
IAR/аз