Беларуская Служба

Расійскія спецслужбы намерваліся рыхтаваць тэракты ў самалётах, якія адпраўляліся ў ЗША і Канаду - NYT

15.01.2025 13:02
Амерыканцы папярэдзілі расіян, што ў выпадку дыверсіі ў паветранай прасторы ці на тэрыторыі ЗША Масква будзе абвінавачана ў тэрарызме.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Расія рыхтавала тэракты ў выглядзе пажараў на борце самалётаў, аб чым паведаміла выданне "New York Times". Паводле інфармацыі СМІ, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папярэдзіў расійскага лідара Уладзіміра Пуціна пра дыверсійную акцыю, якую быццам бы расійскія спецслужбы намерваліся правесці на бортах самалётаў трансатлантычных рэйсаў.

Як паведамляе "NYT", аперацыя павінна была заключацца ў размяшчэнні самазапальных кур'ерскіх пасылак на борце самалётаў, якія ляцяць у ЗША і Канаду. Эфектыўнасць аперацыі тэставалася летам, калі адбыліся пажары ў ангарах, дзе захоўваліся кур'ерскія пасылкі ў Германіі, Вялікабрытаніі і Польшчы.

Джо Байдэн тады даручыў свайму дарадцу па нацыянальнай бяспецы Джэйку Салівану і дырэктару ЦРУ Уільяму Бёрнсу перадаць папярэджанне атачэнню Уладзіміра Пуціна. Паводле "NYT", Саліван тады размаўляў з дарадцам прэзідэнта Расіі па бяспецы Юрыем Ушаковым, а Бёрнс — з кіраўніком Службы знешняй разведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным і кіраўніком Федэральнай службы бяспекі Аляксандрам Бортнікавым.

Як падкрэслівае выданне, амерыканцы папярэдзілі расіян, што ў выпадку дыверсіі ў паветранай прасторы ці на тэрыторыі ЗША Масква будзе абвінавачана ў тэрарызме і панясе адказнасць за свае дзеянні.

IAR/нг