Беларуская Служба

Славакія пачала атрымліваць расійскі газ па газаправодзе «Турэцкі паток»

06.02.2025 18:05
Верагодна, з красавіка пастаўкі па згаданым газаправодзе павялічацца ўдвая.
Сцяг СлавакііAndrea/pixabay.com/CC0 Public Domain

З пачатку лютага Славакія пачала імпартаваць расійскі газ па газаправодзе «Турэцкі паток». Пра гэта заявілі прадстаўнікі дзяржаўнай кампаніі Славацкая газавая прамысловасць (SPP). Кампанія не ўдакладніла, колькі расійскага газу трапляе ў Славакію з поўдня. Яна толькі паведаміла, што з красавіка пастаўкі павялічацца ўдвая.



Старшыня кампаніі Войцех Ферэнц нагадаў, што кантракт на пастаўкі газу з «Газпромам» дзейнічае да 2034 года. Ён дадаў, што Славакія не мае намеру яго дэнансаваць.

Газаправод «Турэцкі паток» злучае Расію і Турцыю, адкуль сыравіна перадаецца далей у Славакію праз Балканы і Венгрыю. З-за абмежаванай магутнасці пастаўкі па гэтым маршруце могуць забяспечыць толькі частку ўнутранага спажывання газу.



Славакія раней імпартавала расійскі газ праз Украіну. На пачатку года, пасля заканчэння кантракту з «Газпромам», украінскі бок спыніў транзіт сыравіны з Расіі. Гэта прывяло да абвастрэння адносін паміж Браціславай і Кіевам.

IAR/аз

Польшча гатова дапамагчы Украіне, калі Славакія спыніць пастаўкі электраэнергіі

30.12.2024 09:01
Славакія пагражае спыненнем паставак электраэнергіі ва Украіны, калі Кіеў выканае свае заявы і пасля Новага года спыніць транзіт расійскага газу ў Славакію.