Асноўная тэма — спыненне вайны ва Украіне пасля нядаўніх гучных заяў адміністрацыі ЗША аб пачатку перамоў з Пуціным.
«Мы павінны пераканацца, што Украіна займае моцную пазіцыю перад пачаткам перамоў з Расіяй», заявіў Марк Рутэ ў Мюнхене. Кіраўнік НАТА патлумачыў, што толькі тады можна будзе дасягнуць трывалага міру.
— Ідзецца пра бесперапынную ваенную падтрымку, пра бесперапынныя пастаўкі ўзбраення і бесперапынную дапамогу ў падрыхтоўцы. Але таксама важна, каб усе важныя заключаныя пагадненні і кантракты былі трывалымі. Няхай Пуцін больш ніколі не паспрабуе акупаваць нават квадратны кіламетр Украіны. Калі мы захаваем выдаткі на цяперашнім узроўні, праз чатыры-пяць гадоў мы не будзем у бяспецы. Таму трэба іх нарошчваць. Не толькі таму, што гэта справядліва ў адносінах да амерыканскага народа, які хоча, каб мы рабілі больш і бралі на сябе большую адказнасць, але і таму, што мы павінны пераканацца, што мы ў стане абараніць сябе калектыўна.
Таксама кіраўніцтва Еўракамісіі казала, што Еўропа павінна пастаянна павялічваць выдаткі на абарону. На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Урсула фон дэр Ляен заявіла, што будзе прапаноўваць новыя прававыя рашэнні ў гэтай справе.
— Я прапаную задзейнічаць дэкрэт адносна выдаткаў на абарону. Гэта дазволіць дзяржавам-членам значна павялічыць выдаткі на згаданыя мэты. Безумоўна, рабіць гэта трэба кантралявана. Акрамя таго, я прапаную пакет дакладных інструментаў, якія прызначаныя для вырашэння канкрэтнай сітуацыі ў кожнай дзяржаве Супольнасці, як з пункту гледжання выдаткаў на абарону, так і, напрыклад, фінансавай сітуацыі.
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі заявіў у Мюнхене, што яго краіне неабходна падвоіць сваю вайсковую моц і павялічыць армію да 1,5 мільёна чалавек. Гэта абараніла б яго краіну ад расійскай агрэсіі пасля магчымага спынення ваенных дзеянняў. Украінскага прэзідэнта журналісты спыталі пра альтэрнатыву членству яго краіны ў НАТА. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што гарантыяй бяспекі Украіны можа стаць павелічэнне колькасці ўкраінскай арміі.
— Раз мы не ў НАТА, або пакуль нас не прынялі ў НАТА, то нам патрэбная армія, якая нас абароніць. Нам патрэбная адпаведная колькасць зброі ад НАТА і адпаведная колькасць украінскіх вайскоўцаў. Іх павінна быць паўтара мільёна.
Украінскі прэзідэнт ацаніў, што яго краіне таксама патрэбныя адпаведныя сродкі для павелічэння колькасці вайскоўцаў. Ён падкрэсліў, што пры адсутнасці гарантый бяспекі Расія зноў нападзе на Украіну.
Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы праводзіцца з 1963 года. Гэта адна з найважнейшых міжнародных сустрэч, прысвечаных праблемам глабальнай бяспекі. Яна забяспечвае платформу для абмеркавання і абмену думкамі паміж ключавымі асобамі, якія прымаюць рашэнні з усяго свету.
ПР/юл