Беларуская Служба

Трамп разглядае магчымасць прызнаць Крым тэрыторыяй Расіі ў будучым пагадненні з Украінай

18.03.2025 06:10
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разглядае магчымасць прызнаць Крым тэрыторыяй Расіі ў рамках будучага пагаднення, накіраванага на спыненне вайны ва Украіне.
Паўвостраў КрымКрыніцы: Виктор Вderivative/Domena publiczna/commons.wikimedia.org

Пра гэта паведамляе амерыканскі сайт Semafor са спасылкай на двух знаёмых з гэтым пытаннем асоб.

Прадстаўнікі адміністрацыі абмяркоўвалі магчымасць пераканаць ААН таксама прызнаць Крым тэрыторыяй Расіі. Як піша сайт, пазіцыя Вашынгтона была б сур'ёзнай саступкай расійскаму лідару Уладзіміру Пуціну, які доўгі час лічыў Крым часткай сваёй краіны.

Выданне падкрэслівае, што ніякіх рашэнняў на гэты конт Трамп фармальна не прымаў, і гэты варыянт —  толькі адзін з многіх, якія каманда прэзідэнта ЗША разглядае ў рамках сваіх намаганняў па спыненні вайны ва Украіне.

Белы дом адмовіўся ад каментароў.

Медыя адзначае, што ў панядзелак прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Лівіт пацвердзіла на прэс-канферэнцыі, што каманда Трампа абмяркоўвала з украінскімі ўладамі магчымыя тэрытарыяльныя саступкі Кіева, але не паведаміла падрабязнасцяў.

Трамп разглядаў пытанне аб прызнанні Крыма тэрыторыяй Расіі за некалькі гадоў да таго, як Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Балатуючыся на пасаду прэзідэнта ў 2016 годзе і на працягу свайго першага тэрміну, Трамп неаднаразова заяўляў, што «разгледзіць» магчымасць прыняць меры для прызнання Крыма тэрыторыяй Расіі.

«З таго, што я чуў, жыхары Крыма аддаюць перавагу быць у Расіі, чым там, дзе яны былі», — сказаў Трамп Джорджу Стэфанаполусу з ABC News у 2018 годзе. «І гэта таксама трэба ўлічваць», — дадаў ён.

Партал Semafor працуе на амерыканскім медыярынку з 2022 года. Ён быў заснаваны Бэнам Смітам, былым галоўным рэдактарам BuzzFeed News і пастаянным аглядальнікам New York Times, і Джасцінам Б. Смітам, былым генеральным дырэктарам Bloomberg Media Group. Іх прадукт арыентаваны на адукаваных спецыялістаў, якія страцілі давер да ўсіх крыніц інфармацыі.

PAP/вх