«Ініцыятыва звяртае ўвагу на цяжкую сітуацыю, якая склалася пасля таго, як ЗША спынілі фінансаванне «Радыё Свабода». Мы лічым, што гэта надзвычай важная і дзейсная крыніца незалежнай інфармацыі для краін, дзе цяпер не хапае дэмакратыі і свабодных медыя. Мы лічым, што было б вялікай ганьбай, калі б мы дазволілі гэтай установе загінуць», — цытуюць Марціна Дворжака Ceske Noviny.
Чэхія чакае, што пазней да ініцыятывы далучацца і іншыя краіны.
Акрамя перамоў з асобнымі дзяржавамі, чэхі таксама маюць кантакты з прадстаўнікамі Еўракамісіі.
«Упаўнаважаны (па бюджэце, Пётр Серафін — рэд) Серафін прадэманстраваў вялікую адкрытасць, што мяне вельмі радуе. Рэсурсы, якія могуць быць выкарыстаны, але якія ён яшчэ не назваў, будуць прадметам перамоў», — сказаў Марцін Дворжак.
Ён дадаў, што найлепшым рашэннем было б, калі б ЗША ўрэшце вырашылі не адмяняць фінансаванне.
«Таму мы адначасова паспрабуем пераканаць ЗША і адміністрацыю Трампа перагледзець гэты крок. Магчыма, вынікам стане нейкі кампраміс, дзе мы маглі б узяць на сябе частку фінансавання на еўрапейскім узроўні», — сказаў Дворжак.
Ён дадаў, што гэтую сітуацыю нельга вырашыць імгненна, бо яна тычыцца вялікай колькасці супрацоўнікаў, маёмасці і будынкаў, але рашэння плануецца дасягнуць на працягу некалькіх тыдняў.
Чэхію падтрымліваюць краіны Балтыі і некаторыя краіны Заходняй Еўропы, Прагу таксама падтрымлівае Польшча, якая, аднак, хоча заставацца нейтральнай як краіна, якая старшынюе ў Радзе ЕС.
Скасаванне фінансавання «Радыё Свабода» звязанае з рашэннем прэзідэнта ЗША Дональда Трампа скараціць Агенцтва ЗША па сусветных СМІ (USAGM).
Галоўны дыпламат Еўрасаюза Кая Калас заявіла, што ЕС не мае магчымасці аўтаматычна ўзяць на сябе фінансаванне «Радыё Свабода», але мусіць вывучыць сітуацыю і зразумець, чым можна дапамагчы праекту.
вх