Беларуская Служба

Працягваюцца спробы затрымаць былога прэзідэнта Кыргызстану

08.08.2019 14:52
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Кыргызстану, у ходзе аперацыі ўжо пацярпелі 78 чалавек – як прыхільнікі Атамбаева, так і сілавікі.
  -
Сутыкненні ў Кой-ТашэPAP/EPA/IGOR KOVALENKO

Спецназ Кыргызстану пачаў другі штурм рэзідэнцыі Алмазбек Атамбаеў у Кой-Ташэ і выкарыстоўваў слезацечны газ для разгону прыхільнікаў экс-прэзідэнта. Вароты рэзідэнцыі пратараніла машына сілавікоў.

Цяпер частка прыхільнікаў экс-прэзідэнта адціснутая з яго рэзідэнцыі. Ва ўсім Кой-Ташэ адключаная мабільная сувязь, дарогі ў пасёлак перакрытыя паліцыяй.

Прадстаўнік штаба Атамбаева сказаў, што рэзідэнцыю штурмуюць больш за 2 тысячы супрацоўнікаў міліцыі і байцоў спецназу. Унутры дому супраціў ім аказваюць каля 300-400 прыхільнікаў Атамбаева: яны забарыкадавалі дзверы і вокны канапамі ды іншай мэбляй.

Напярэдадні спецназ таксама штурмаваў рэзідэнцыю ў Кой-Ташэ, але першы штурм скончыўся няўдачай. Былы прэзідэнт забарыкадаваўся ў адным з пакояў, і спецназу так і не атрымалася яго захапіць.

У той жа час прыхільнікі Атамбаева прарваліся ўнутр і захапілі некалькіх спецназаўцаў: у іх адабралі зброю, а некаторых моцна збілі.

У ходзе штурму загінуў адзін спецназавец (Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бяспекі Кыргызстану сцвярджае, што ў яго стралялі з снайперскай вінтоўкі і баявая куля прабіла бронекамізэльку).

Сам Атамбаеў раніцай 8 жніўня заявіў, што адзіным узброеным у доме чалавекам быў ён сам (у былога прэзідэнта ёсць узнагародная зброя), а ні ў каго з яго прыхільнікаў зброі не было: толькі камяні і палкі. У той жа час спецназ, паводле інфармацыі ДКНБ рэспублікі, ужываў гумовыя кулі.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Кыргызстану, у ходзе аперацыі ўжо пацярпелі 78 чалавек – як прыхільнікі Атамбаева, так і сілавікі.

Былому прэзідэнту Кыргызстану Азмазбеку Атамбаеву пакуль не высунутыя афіцыйныя абвінавачванні. Аднак вядома, што яго правяраць па дачыненне як мінімум да шасці крымінальных спраў, у тым ліку, звязаных з карупцыяй.

паводле currenttime.tv/эж