Ініцыятыва ByPol апублікавала відэа, у якім назвала імёны асобаў, датычных, як сцвярджае ByPol, да арганізацыі нелегальнай міграцыі ў сумежныя краіны Еўразвязу, паведамляе svaboda.org.
Паводле ByPol (згуртавання сілавікоў, якія перайшлі на бок народу) у 2010–2011 гадах супрацоўнікі ГУБАЗіК задакументавалі факты незаконнай міграцыі іншаземцаў у ЕЗ праз Беларусь. Тады ж высветлілася, што за арганізацыяй незаконных каналаў стаялі супрацоўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту.
За аперацыяй «Шлюз», як сцвярджае ByPol, стаялі два браты, прадстаўнікі найвышэйшага звяна сілавых органаў Іван Церцель і Юры Церцель (цяперашні старшыня КДБ). Аперацыю нібыта распрацавалі з ведама расійскага ФСБ і Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле ByPol, расійскія спецслужбы спачатку дастаўлялі мігрантаў да літоўскай мяжы, а там перадавалі Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ) пры Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.
З боку МУС супрацьдзейнічаць нелегальнай міграцыі павінна 3-е аддзяленне ГУБАЗіК, якое раней стала вядомае катаваннямі пратэстоўцаў і брутальнымі затрыманнямі, сцвярджае ByPol. Аднак ініцыятыва прыйшла да высновы, што гэтае падраздзяленне МУС ніяк не перашкаджала парушэнням закону.
Паводле аналізу тэлефонных размоў паміж кіраўнікамі сілавых ведамстваў, ByPol прыходзіць да высновы, што міністрам МУС Іванам Кубраковым было дадзена распараджэнне «не займацца транзітнай міграцыяй, якая ідзе ў Еўропу».
эж