Паводле ўказу, які падпісаў прэзідэнт Расійскай Федэрацыі 29 лістапада, штатная колькасць Узброеных сілаў РФ павялічылася да 2 мільёнаў 209 тысячаў чалавек, у тым ліку 1 мільён 320 тысяч вайскоўцаў.
Такім чынам, колькасць вайскоўцаў Узброеных сілаў РФ павялічыцца амаль на 170 тысячаў чалавек, паведамляе «Белсат» са спасылкай на Мінабароны РФ.
Пры гэтым у ведамстве асабліва падкрэслілі, што «істотнага павелічэння прызыву грамадзянаў на тэрміновую вайсковую службу не плануецца. Правядзенне мабілізацыі не прадугледжана».
Паводле расійскага Мінабароны, прычына павелічэння штатнай колькасці арміі абумоўленая «ростам пагрозаў для краіны, звязаных з правядзеннем спецыяльнай ваеннай аперацыі і працягам пашырэння НАТА».
Чуткі пра пачатак мабілізацыі ў Расіі хадзілі ў канцы жніўня – пачатку верасня 2023 года. З’яўлялася таксама інфармацыя аб тым, што расійскія прапагандысцкія СМІ атрымалі «просьбу» з адміністрацыі Пуціна нічога не пісаць пра другую хвалю мабілізацыі.
Аднак апошнім часам у расійскіх СМІ з’яўляюцца звесткі аб тым, што да моманту правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Расіі (павінны адбыцца 17 сакавіка 2024 года) мабілізацыя абвешчаная не будзе.
аз