Швецыя прадставіць Украіне новы пакет гуманітарнай дапамогі на 1,4 мільярда шведскіх крон (больш за 120 млн еўра) на зімовы перыяд.
Пра гэта падчас брыфінгу заявілі прэм'ер-міністр Ульф Крыстэрсан і міністр міжнароднага супрацоўніцтва і знешняга гандлю Ёхан Форсель, перадае шведскае грамадскае тэлебачанне STV.
Крыстэрсан адзначыў, што гэта самы вялікі пакет дапамогі Украіне з боку Швецыі. Большая частка сродкаў, 900 мільёнаў шведскіх крон (больш за 79 мільёнаў еўра), будзе накіравана ў фонд Сусветнага банка для аднаўлення Украіны, які падтрымлівае інфраструктуру ў сферах энергетыкі, ЖКГ, аховы здароўя і транспарту.
Гэтыя грошы таксама пойдуць на закупку абсталявання для ацяплення і перадачы электраэнергіі ва ўкраінскія энергасеткі. Акрамя таго, у рамках пакета будуць прафінансаваныя таксама іншыя напрамкі дапамогі ўкраінцам, каб перажыць зіму, у прыватнасці, будуць створаныя прытулкі і сховішчы.
Па словах Форсела, пакет утрымлівае дапамогу, якую запытала Украіна.
«Расія наўмысна атакуе грамадзянскую інфраструктуру, каб зрабіць і без таго сур'ёзнае выпрабаванне для мірнага насельніцтва яшчэ больш цяжкім. Гэтым пакетам мы хочам дапамагчы Украіне як будаваць новую, так і аднаўляць разбураную інфрастуктуру», — падкрэсліў міністр.
Крыніца: Hromadske