Рэзалюцыю падтрымалі 14 членаў Рады, ЗША ўстрымаліся падчас галасавання.
Амбасадар ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд патлумачыла: гэта адбылося, бо ў дакуменце не было асуджэння ХАМАС. «Мы не згодныя з усім у рэзалюцыі, таму мы не змаглі прагаласаваць «за». Аднак мы цалкам падтрымліваем некаторыя важныя мэты гэтай неабавязковай рэзалюцыі. Мы лічым, што для Савета было важна выказацца і даць зразумець, што спыненне агню павінна адбыцца з вызваленнем усіх закладнікаў», – сказала яна.
У рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН таксама падкрэсліваецца настойлівая неабходнасць пашырэння аб'ёму гуманітарнай дапамогі і ўзмацнення абароны грамадзянскага насельніцтва ва ўсім сектары Газа, а таксама паўтараецца патрабаванне ліквідацыі ўсіх барʼераў на шляху маштабнай дастаўкі гуманітарнай дапамогі.
«Савет Бяспекі толькі што ўхваліў доўгачаканую рэзалюцыю па сектары Газа з патрабаваннем неадкладнага спынення агню і неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх закладнікаў. Гэтая рэзалюцыя павінна быць выканана. Невыкананне гэтага было б недаравальным», – пракаментаваў генсакратар ААН Антоніу Гутэрыш на платформе X.
Паводле інфармацыі ад міністэрства аховы здароўя Сектара Газа, з 7 кастрычніка ў выніку ізраільскага наступу загінулі прынамсі 32 333 палестынцы і 74 694 атрымалі раненні.
У выніку атакі 7 кастрычніка 2023 года баевікоў ХАМАС на Ізраіль загінулі прыкладна 1200 чалавек, большасць з іх мірныя жыхары, прыкладна 240 былі выкрадзены.
IAR/UN/Reuters/вх