Беларуская Служба

Чарговая за суткі антыбеларуская правакацыя ў Вільні

05.09.2024 09:15
На гэты раз гаворка ідзе пра правакацыйны надпіс чырвонай фарбай ля цэнтра ўцекачоў з Беларусі Dapamoga.
Панарама Вільніpixabay.com

У ноч на 5 верасня каля будынка прыватнага цэнтра ўцекачоў з Беларусі Dapamoga ў Вільні з’явіўся правакацыйны надпіс чырвонай фарбай: «Беларускім паразітам тут не месца», паведаміў сам фонд Dapamoga. На месца выклікалі паліцыю, якая склала пратакол і дазволіла прыбраць надпіс.



У сваю чаргу, ноччу на 4 верасня невядомыя стралялі з пнеўматычнай зброі ў вокны будынка беларускага праваслаўнага прыхода ў Вільні. Набажэнствы тут служаць беларускія святары Канстанцінопальскага патрыярхату. Паліцыя праводзіць праверку.

У тую ж ноч (на 4 верасня) былі таксама выбітыя вокны ў Цэнтры беларускай культуры ў Вільні. Гэта арганізацыя, якая аб’ядноўвае беларусаў Літвы, якая стварае прастору для беларускіх праектаў і ініцыятыў.



У сваю чаргу ў ліпені невядомыя разбілі вітрыну ў краме з беларускай нацыянальнай сімволікай Kropka, якая належыць былому палітвязню.

Паводле Telegram- канала «Хрысціянская візія», інцыдэнты - гэта  частка шматлікіх правакацый, накіраваных супраць беларускай палітычнай эміграцыі. Іх аўтарамі, хутчэй за ўсё, з’яўляюцца людзі, звязаныя са спецслужбамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

IAR/аз