Еўрапейскі саюз заклікаў, каб улады Грузіі растлумачылі ўсе абвінавачанні, датычныя парушэнняў на парламенцкіх выбарах. Міжнародныя назіральнікі зафіксавалі запалохванне і ціск на выбаршчыкаў, асабліва супрацоўнікаў бюджэтнай сферы, а таксама перадвыбарчую кампанію нянавісці і рэпрэсій у адносінах апазіцыі і незалежных СМІ.
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на суботніх выбарах перамагла кіруючая партыя «Грузінская мара». Апазіцыя і празаходні прэзідэнт назвалі галасаванне сфальсіфікаваным.
«Паведамленні аб ціску на выбаршчыкаў у дзень галасавання выклікалі заклапочанасць адносна іх здольнасці галасаваць, не баючыся помсты», — падкрэсліў у апублікаванай заяве кіраўнік дыпламатыі ЕС.
Жазэп Барэль таксама напісаў пра няроўныя магчымасці ў кампаніі і змены ў заканадаўстве, якія могуць паўплываць на выбарчы працэс. Ён заклікаў да хуткага, празрыстага і незалежнага расследавання ўсіх парушэнняў.
Падобны заклік апублікаваў у сацсетках старшыня Еўрапейскай рады. Шарль Мішэль таксама паведаміў, што вырашыў уключыць у парадак дня нефармальнага саміту ЕС сітуацыю ў Грузіі. Лідары ўсіх 27-мі краін супольнасці намераныя абмеркаваць далейшыя крокі ў адносінах з Грузіяй. Саміт пройдзе 8 лістапада ў Будапешце, паколькі Венгрыя ў гэтым паўгоддзі старшынствуе ў Еўрасаюзе.
IAR/нг