Што далей з вайной, з адносінамі з ЗША, з пагрозай з боку Расіі? Гэтыя пытанні будуць гучаць у манументальным доме Ланкастэраў дзевятнаццатага стагоддзя ў лонданскім раёне Сэнт-Джэймс.
Сустрэча з'яўляецца крызісным самітам пасля дыпламатычнай катастрофы ў Вашынгтоне і сваркі паміж прэзідэнтамі ЗША і Украіны.
«Еўрапейцы адрэагавалі імкліва, заявіўшы, што яны цвёрда стаяць за Украіну. Але мы павінны пачакаць і паглядзець, ці ператворыцца гэта ў канкрэтныя дзеянні», — кажа Сэм Кілі, замежны рэдактар Independent і былы пасланнік ва Украіне. Ён дадае, што калі ў канцы лідары проста выйдуць і скажуць некалькі гладкіх слоў накшталт «мы за Украіну», гэта будзе правал. «Кіраўнікі павінны змірыцца з тым, што Еўропа адна», — падкрэслівае суразмоўца Польскага радыё.
Саміт па Украіне ў Лондане пачнецца а 13:00 гадзіне. У сустрэчы возьмуць удзел: прэзідэнт Украіны, старшыня Еўракамісіі, кіраўнік НАТА і лідары Францыі, Германіі, Даніі, Італіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Іспаніі, Турцыі, Канады, Фінляндыі, Швецыі, Чэхіі, Румыніі і Польшчы.
Напярэдадні саміту прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Стармер асобна сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Італіі Джорджыяй Мелоні, пра якую цёпла выказваўся Дональд Трамп. Пры гэтым італьянскі лідара час моцна падтрымлівае Украіну ў канфлікце з Расіяй.
Сустрэча прэм'ер-міністра Стармера і прэзідэнта Зяленскага на Даўнінг-стрыт, першапачаткова запланаваная на сёння, адбылася ўчора. Учора брытанцы таксама далі ўкраінцам крэдыт больш чым на два мільярды фунтаў.
ПР/юл