16 ліпеня спаўняецца 125-ая гадавіна з дня нараджэння Генрыка Славкіа. Пасля прайгранай абарончай вайны 1939 года, разам з 120 тысячамі іншых палякаў, Генрык Славік трапіў у Вугоршчыну ў лагер уцекачоў.
У харціскай Вугоршчыне Генрык Славік арганізаваў сетку пераправы палякаў у Францыю, дзе паўставалі новыя Польскія ўзброеныя сілы. Пазней Славік заняўся апекай над 12 тысячамі польскіх габрэяў, якія ўцяклі ў Вугоршчыну.
У лістападзе 1939 года Генрык Славік стаў старшынёй Грамадзянскага камітэту па справах апекі над польскімі ўцекачамі ў Вугоршчыне. Досыць хутка Славік устанавіў сяброўскі адносіны з супрацоўнікам вугорскага Міністэрства ўнутраных спраў Юшэфам Анталай. Заданнем Анталы было стварэнне дэпартамента, які павінен быў займацца даглядам за ваеннымі ўцекачамі.
Генрык Славік Разам з Юшэфам Анталай дамагліся таго, што вугорская дзяржава забяспечвала, палякам страціўшым айчыну, не толькі сацыяльны і медычны дагляд, але і сярэднюю адукацыю. У горадзе Балатонбаглар, што на паўднёвым захадзе Вугоршчыны, з 1939 да пачатку нямецкай акупацыі ў 1944 годзе дзейнічалі польская гімназія і ліцэй, у якіх вучыліся 800 дзетак.
Паступова Камітэт створаны Славікам заангажаваўся ў перасылку палякаў у Францыю, дзе фармаваліся новыя Узброеныя сілы Польшчы.
Бадай што самым гераічным пачынаннем Славіка была дапамога польскім габрэям. Прыкладна 12 тысяч габрэяў змаглі ўцекчы з Польшчы і асесці ў Вугоршчыне. Ужо ў 1940 годзе Генрык Славік распачаў акцыю па выдачы ім фальшыфвх дакументаў з тыпова польскімі прозвішчамі, таксама ёц падробліваў каталіцкія касцельныя метрыкі.
Цэві Цымерман быў адным з тых габрэяў, які ўвосень 1939 года ўцёк у Вугоршчыну. Прапануем вашай увазе ўспаміны Цэві Цымермана, запісаныя на пачатку 2000-ых гадоў.
Цэві Цымерман: Большая частка ўцекачоў былі з бедных сем’яў, яны кепска выглядалі, часта нават не валодалі польскай мовай, яны паходзілі з малых мястэчак. Было вельмі цяжка даць гэтым людзям пасведчанне, што яны палякі, што яны католікі. З вялікімі цяжкасцямі мне ўдалося дабрацца да Будапэшту. Я прыйшоў да Славіка, адчыніліся дзверы і я ўбачыў вялікага, зграбнага чалавека, з круглым тварам, брунета з добрымі вачыма. Мне адразу стала зразумела, што я маю дачыненне з чалавекам у якога добрае сэрца. Я не паспеў адкрыць роту, Славік адразу сказаў мне – 'ʼЯ ведаю, хто вы. Мне ад вас патрэбная толькі адна рэч – вы будзеце працаваць у маім бюро, трэба прымаць дакументы, рэгістраваць усіх, не зважаючы на нацыянальнасць і рэлігію. Усе маюць роўныя правы, вы будзеце прымаць дакументы і даваць мне іх на подпіс’’.
Разам з паплечнікамі Генрык Славік змог арганізаваць прытулак для габрэйскіх дзетак, які знаходзіўся ў мястэчку Вац на поўначы Вугоршчыны. Дзіцячы прытулак афіцыйна называўся ’’Дом сірот польскіх афіцэраў’’. Там працавала школа і дзіцячы садок, у якіх вучыліся паводле польскай школьнай праграмы. Нягледзячы на легенду, дзяцей не пазбаўлялі іх нацыянальнай тоеснасці. Пасля каталіцкай імшы, утрыманцы прытулку таемна вывучалі габрэйскую мову і Стары Запавет.
Дзякуючы працы Генрыка Славіка і яго таварышаў, усіх габрэйскіх дзяцей з Вацу ўдалося выратаваць. Калі распачалася нямецкая акупацыя, усе дзеці патаемна былі перапраўленыя ў Будапэшт, там яны былі схаваныя ў некалькіх месцах. Усе дзеці дажылі да канца вайны.
Увесну 1944 года распачалася нямецкая акупацыя Вугоршчыны, рэжым адмірала Міклаша Хорці паў. Генрыку Славіку некалькі разоў прапаноўвалі пакінуць краіну, аднак ён адмовіўся, аргументуючы гэта тым, што не можа пакінуць падапечных.
Гестапа арыштавала Славіка ў сярэдзіне ліпеня 1944 года, яго здаў адзін з вучняў польскага ліцэй у Балатонбаглары. Таксама немцы арыштавалі яго сябра і паплечніка вугорца Юшэфа Анталу. Гестапаўцы перад усім хацелі атрымаць інфармацыю аб удзеле вугорца ў перапраўцы палякаў на Захад і яго ролі ў працэсе ратавання габрэяў. Аднак Генрык Славік узяў усю адказнасць на сябк, не здрадзіўшы сябра.
Генрык Славік і яго бліжэйшыя супрацоўнікі былі адпраўленыя ў канцлагер Маутхаузен. 23 жніўня 1944 года Славік быў павешаны.
У 1977 годзе Генрык Славік пасмяротна быў адзначаны медалём Праведнікаў народаў свету.
PR/эж