Беларуская Служба

Ці сувязь пятага пакалення адмоўна паўплывае на здароўе чалавека?

08.08.2019 15:53
Некаторыя баяцца, што людзі часцей пачнуць хварэць ракам ці хваробай Альцгаймера.
www.pixabay.comCC0 Creative Commons
www.pixabay.com/CC0 Creative Commonspixabay

«Dziennik Gazeta Prawna» закранае тэматыку ўвядзення тэлефоннай сувязі новага пакалення, гэтак званага 5G, у Польшчы. Некаторыя апасаюцца, што пасля пашырэння гушчыні антэн, звязанага з развіццём тэхналогіі, значна павысіцца адмоўны ўплыў на здароўе чалавека, між іншым, людзі часцей пачнуць хварэць ракам ці хваробай Альцгаймера.

Па словах прафесара неўралогіі Конрада Рэйдака, няма даследаванняў, якія б пацвердзілі адмоўны ўплыў электрамагнітных хваляў на чалавека. Праўда, Сусветная арганізацыя аховы здароўя згадвае гэтыя хвалі як патэнцыйна небяспечныя для чалавека, але ўсё залежыць ад дозы, колькасці часу, які чалавек праводзіць з прыладай. З іншага боку, цяжка даказаць на сто працэнтаў, што нешта з’яўляецца шкодным, – адзначае эксперт.

Меркаваннем доктара, не варта панічна баяцца тэхналогіі, але неабходна захаваць здаровы сэнс ва ўсім, у тым ліку ў спосабе карыстання электроннымі прыладамі, незалежна ад таго, ці гаворка ідзе пра мікрахвалевую печку, ці пра смартфон з доступам да сеці пятага пакалення. Важны адпачынак, перапынкі ў карыстанні, скажам, тэлефонам. Калі чалавек шмат гадзін углядаецца ў экран або размаўляе па тэлефоне, гэта, без сумнення, акажа дрэнны ўплыў на яго самаадчуванне. Вядома ўжо, што ў тых, хто цэлы дзень сядзіць над смартфонам, могуць паявіцца парушэнне слыху, галаўны боль і галавакружэнне, паталагічныя змены ў хрыбце. Іншая праблема – развіццё залежнасці ад прылады.

нг