Беларуская Служба

Літва рыхтуе сваіх жыхароў да патэнцыйнай аварыі на Астравецкай АЭС

02.10.2019 13:56
Ад электрастанцыі да сталіцы Літвы, Вільні, толькі 50 кіламетраў.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePixabay.com

У Літве зладжаны вучэнні грамадзянскай абароны для мірных жыхароў. Мэта – падрыхтаваць насельніцтва да патэнцыйнай аварыі беларускай атамнай электрастанцыі, якая неўзабаве пачне працаваць.

Нагадаем, Астравецкая АЭС будуецца ў Гродненскай вобласці Беларусі. Да сталіцы Літвы, Вільні, адсюль толькі 50 кіламетраў. Паводле планаў, першы энергаблок будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2020 годзе. Улады Літвы здаўна выказвалі сваё занепакаенне такой малой адлегласцю АЭС ад літоўскай сталіцы. Яны нават прымалі захады, каб затрымаць будаўніцтва, аднак беспаспяхова. Калі ўжо стала ясна, што атамная станцыя пачне дзейнічаць, літоўскія ўлады вырашылі падрыхтавацца да магчымых пагрозаў з яе боку. Непадалёк ад мяжы з Беларусяй зладжаныя вучэнні грамадзянскай абароны, адбылася пробная эвакуацыя насельніцтва.

«Літва павінна быць падрыхтаваная да розных пагрозаў з боку АЭС», – кажа міністр унутраных спраў Літвы Рыта Тамашунене.

- Жыхары павінны быць упэўненыя, што дзяржава клапоціцца аб здароўі і жыцці кожнага чалавека. Гэтыя вучэнні сведчаць не аб тым, што Літва баіцца АЭС, але яны паказваюць, што ўлада памятае пра АЭС. Гэты небяспечны аб’ект ужо збудаваны, пачынае сваю дзейнасць, а ён знаходзіцца вельмі блізка ад Вільні. Дзяржава павінна клапаціцца ў такой сітуацыі аб сваіх жыхарах. Мы звярнуліся па дапамогу да экспертаў, у тым ліку з Польшчы, Латвіі, Эстоніі ды Вялікабрытаніі. Вельмі важна, што вучэннямі зацікавіліся таксама эксперты з іншых краін. Гэта сведчыць аб тым, што і Польшча, і Латвія бачаць небяспеку і пэўныя пагрозы. Для нас вельмі важныя ўвагі экспертаў, якія могуць крыху інакш зірнуць на праблему, звонку.

Згодна сцэнару вучэнняў, частка жыхароў тэрыторыі, якая знаходзіцца ў патэнцыйна небяспечнай зоне, можа быць эвакуяваная на тэрыторыю памежнай зоны, непадалёк ад польскай мяжы. Ці плануецца таксама супрацоўніцтва з польскімі службамі ў дадзенай галіне?

- Такое супрацоўніцтва ўжо адбываецца. Супрацоўнічаюць нашы памежныя службы, пажарнікі з двух дзяржаў. Дарэчы, для жыхароў польскай дзяржавы таксама існуе небяспека з боку беларускай АЭС. Калі б здарылася аварыя, невядома дакладна, у якім напрамку вецер панёс бы радыяцыю, гэта залежыць ад напрамку ветру. Таму цяжка сказаць, для якой дзяржавы АЭС стварае большую небяспеку.

Якія асноўныя мэты вучэнняў грамадзянскай абароны на выпадак аварыі на беларускай АЭС?

- Мэтай вучэнняў з’яўляецца праверка эфектыўнасці ўсіх службаў, ці яны ўмеюць хутка дзейнічаць і супрацоўнічаць паміж сабой. Вучэнні правяраюць таксама сістэму апавяшчэння жыхароў аб небяспецы, ці жыхары атрымліваюць інфармацыю аб аварыі, атрымліваюць адпаведныя СМС-паведамленні і г.д. Вельмі важна, каб кожны жыхар быў аператыўна праінфармаваны аб небяспецы адпаведнымі службамі, а не атрымліваў інфармацыю ад суседзяў ці знаёмых. Мы павінны паклапаціцца, каб гэтая інфармацыя была правераная.

Якія высновы можна зрабіць пасля правядзення вучэнняў грамадзянскай абароны? Што спрацоўвае, а што неабходна яшчэ палепшыць?

- Бальшыня жыхароў чула сігнал трывогі, таксама вырас адсотак жыхароў, якія атрымліваюць інфармацыю на свой сотавы тэлефон. Раней толькі 40% атрымлівала адпаведныя СМС-паведамленні, цяпер ужо каля 70%. Мы правяралі розныя спосабы перадачы інфармацыі, паглядзім, якія самыя эфектыўныя. Вучэнні ладзяцца дзеля таго, каб навучыцца, як сябе паводзіць у нестандартнай сітуацыі.

Ці вучэнні ахапілі ўсіх жыхароў Літвы, ці толькі тых раёнаў, якія ляжаць непадалёк ад мяжы з Беларусяй?

- Вучэнні датычаць перш за ўсё паўднёва-ўсходніх земляў Літвы, якія мяжуюць з Беларусяй. Аднак інфармацыю ў рамках вучэнняў атрымалі ўсе жыхары Літвы, што паказвае, наколькі сур'ёзна нашы ўлады ставяцца да такога роду падзей. Калі б на АЭС мела месца небяспечнае здарэнне, жыхары пачуюць гукавую сірэну, атрымаюць СМС-паведамленні пра небяспеку. Тады яны павінны астацца ў памяшканні і пачакаць паведамлення ў сродках масавай інфармацыі або прыбыцця адпаведных службаў, якія завядуць людзей у месца, дзе пагрозы не будзе.

Пра вучэнні грамадзянскай абароны ў Літве на выпадак аварыі на Астравецкай АЭС распавядала міністр унутраных спраў краіны Рыта Тамашунене.

Каміль Залеўскі/нг