Беларуская Служба

Шмат людзей у Польшчы займаецца зберажэннем культурнай спадчыны габрэяў

06.10.2019 09:14
У Кракаве адбываецца найбуйнейшы ў свеце Фестываль габрэйскай культуры, у Варшаве збудаваны Музей польскіх габрэяў, ёсць дзясяткі меншых, прыватных ініцыятыў.
Аўдыё
  • У Польшчы шмат ініцыятыў па захаванні габрэйскай культурнай спадчыны
 .
Ілюстрацыйны здымак. Габрэйскія могілкіwww.pixabay.com/CC0 creative commons

Перад Другой сусветнай вайной у Польшчы пражывала каля 3,3 млн. чалавек габрэйскага паходжання. Польская дзяржава была тады шматэтнічнай – побач з палякамі мірна суіснавалі габрэі, украінцы, беларусы ды асобы іншай нацыянальнасці.

Сітуацыя габрэяў радыкальна змянілася ў час вайны. З больш чым трох мільёнаў габрэяў выжыла толькі каля 240 тыс., а вялікая часта выжыўшых была прымушаная пакінуць Польшчу ўжо пасля вайны ў выніку антысеміцкіх ганенняў. Нягледзячы на тое, што цяпер Польшча з’яўляецца аднароднай дзяржавай у этнічным плане, на польскіх землях засталося вельмі шмат слядоў прысутнасці габрэйскага насельніцтва. Па прычыне невялікай колькасці ацалелых габрэяў, доўгія гады габрэйскай культурнай спадчынай мала хто цікавіўся, яна прыходзіла ў заняпад, забывалася і страчвалася. Сітуацыя значна палепшылася ў 90-ыя і 2000-ыя гады, калі ў польскіх гарадах усё часцей пачалі паяўляцца ініцыятывы па ўзнаўленні габрэйскай культурнай традыцыі. Напрыклад, у Кракаве кожны год адбываецца самы буйны ў свеце Фестываль габрэйскай культуры, у Варшаве збудаваны Музей польскіх габрэяў, ёсць дзясяткі меншых, у тым ліку прыватных ініцыятыў. Пра кракаўскі фестываль распавядае яго віцэ-дырэктар Робэрт Гондэк.

- Фестываль ладзіцца ўжо больш за 30 гадоў, яго арганізатарамі з’яляюцца палякі. Гэта грамадская ініцыятыва людзей, якія хацелі згадаць багацце габрэйскай культуры і дазволіць іншым з ёй пазнаёміцца. Такіх ініцыятыў вельмі шмат, калі б кожны з нас пацікавіўся тэмай, то знайшоў бы ў сваім атачэнні асобы, якія папулярызуюць габрэйскую культуру. На маю думку, чым больш разнастайных элементаў утрымлівае культура дадзенага народу, тым яна багацейшая. Я сабе не ўяўляю жыць у культуры, якая цалкам аднародная, ёсць толькі адна мадэль паводзінаў. Нацыянальныя меншасці – гэта наша багацце, а не вораг. Таксама габрэйская культура ўзбагачае нас, палякаў. З іншага боку, у Польшчы спецыфічная сітуацыя, паколькі часам цяжка правесці рысу паміж польскай і габрэйскай культурай. Скажам, прадстаўніком якой культуры быў Юліян Тувім – польскай ці габрэйскай? І такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Калі мы гаворым пра габрэйскую культуру, гаворым таксама пра культуру ўсіх палякаў, якую стварылі габрэі.

Палякаў часта вінавацяць у антысемітызме. Канешне, здараюцца выпадкі антысеміцкіх паводзінаў, дарэчы, як адзначае наш госць, у Польшчы агулам пашыраецца агрэсія ў адносінах, гэта не датычыць толькі габрэяў. Аднак, з іншага боку, у краіне расце колькасць свядомых габрэяў, якія вяртаюцца да габрэйскай спадчыны.

- Людзі адкрываюць свае габрэйскія карані, даведваюцца пра тое, што яны – габрэі, пачынаюць вяртацца да габрэйскай культуры. Насуперак антысемітызму, які ўсё яшчэ існуе, трэба заўважыць, што габрэйская меншасць адыгрывае ўсё большую ролю ў нашым грамадстве. Яна пачынае функцыянаваць як важны элемент грамадства, а не тая яго частка, якую можна не заўважаць. Гэта станоўчая з’ява.

Як сказаў наш госць, віцэ-дырэктар Фестывалю габрэйскай культуры ў Кракаве Робэрт Гондэк, польскім феноменам з’яўляецца тое, што аднаўленнем памяці пра габрэйскую культуру займаюцца як правіла палякі, а не асобы габрэйскага паходжання. Адзін са шматлікіх прыкладаў – ушанаванне намагільных плітаў (мацэваў) у гарадку Нараўка на ўсходзе Польшчы. Мясцовае насельніцтва пасля вайны часта выкарыстоўвала іх у гаспадарцы – для будаўніцтва гаспадарчых будынкаў, ганкаў, дарог. Перад вайной у Нараўцы было шмат габрэяў, цяпер іх амаль не засталося, таму захаваннем іх культурнай спадчыны заняліся палякі і мясцовыя беларусы. Распавядае Катажына Беляўска, якая першай выступіла з ініцыятывай па збору мацэваў і пераносу іх на габрэйскія могілкі.

- Гэта быў 1995 год, тады са студэнтамі, са знаёмымі мы пачалі пераносіць мацэвы. Канешне, нам не ўдалося самім іх падняць, гэта цяжкая праца. Але ўдалося зрабіць розгалас, пачалі прыязджаць журналісты, пытаць. Свядомасць людзей змянілася, яны ведаюць, што калісьці сваякі выкарысталі тыя мацэвы для будаўніцтва дарогі ці гаспадарчага будынку, але цяпер людзі ўжо ведаюць, што так нельга, што трэба шанаваць спадчыну іншых. Нельга забываць, у якіх абставінах гэтыя мацэвы вывозіліся – была вайна. Аднак цяпер ужо інакш, нам пакрысе ўдаецца нешта зрабіць.

Нараўка – гэта невялікі гарадок на ўскраіне Белавежскай пушчы. Там спакон вякоў пражываюць беларусы і палякі, праваслаўныя і католікі, а да вайны каля палову насельніцтва складалі габрэі.

нг