Паводле дадзеных ААН, хатнія гаспадаркі адказваюць за 50% змарнаваных харчовых прадуктаў у свеце. Таму спажыўцы – гэта першыя адрасаты кампаніяў па абмежаванні марнатраўства ежы. На жаль, надалей няшмат палякаў ведае, як эфектыўна распараджацца прадуктамі харчавання, паведамляе Gazeta Wyborcza.
„Толькі 4 з 10 палякаў робіць прадуманыя пакупкі, то бок раней стварае спісы неабходных прадуктаў і правярае запасы. Без гэтага мы купляем непатрэбныя прадукты і пазней іх выкідваем”, - кажа Данута Каложын-Краеўска з Вышэйшай сельскагаспадарчай школы ў Варшаве, якая даследавала спосаб выкарыстоўвання прадуктаў харчавання ў дамах палякаў.
Вынікі сведчаць пра тое, што 16,7% палякаў час ад часу купляюць непатрэбныя прадукты, або прадукты на запас. Амаль 92% палякаў звяртае ўвагу на тэрмін захоўвання прадуктаў і купляюць з доўгім тэрмінам захоўвання. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе марнатраўству.
43% апытаных не ведала, што азначаюць тэрміны, датычныя захоўвання, змешчаныя на ўпакоўках. 35% апытаных палякаў заяўляе, што ім здараецца з'есці тавары, у якіх тэрмін захоўвання закончыўся. Вынікі даследавання сведчаць таксама пра тое, што палякі звяртаюць вялікую ўвагу на эстэтыку ўпакоўкі і не ведаюць, як эфектыўна выкарыстоўваць аб’едкі.
„Людзі патрабуюць дапамогі – канкрэтных рашэнняў і прыладаў”, - кажа Маргарэт Полюм з Галандскага цэнтра харчавання. Паводле яе, дзякуючы канкрэтным дзеянням, у Нідэрландах колькасць змарнаванай ежы зменшылася з 41 кілаграма ў 2016 годзе да 34 кілаграмаў у 2018 годзе, піша ў выданні Gazeta Wyborcza Габрыеля Лазарчык.
аз