Беларуская Служба

Палякі даражаць Еўрапейскім Звязам, посткамуністычнай трансфармацыяй і... Орбанам

16.10.2019 14:14
Адметным з’яўляецца тое, што ў Польшчы зафіксаваны адзін з самых нізкіх узроўняў даверу кіраўніку Расіі Уладзіміру Пуціну – 15%.
-
Жан-Клод ЮнкерPAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ

На фоне іншых краінаў Еўрапейскага Звязу палякі маюць надзвычай аптымістычнае і пазітыўнае стаўленне да еўрапейскай супольнасці, піша Gazeta Wyborcza. Амерыканскі аналітычны асяродак Pew Research Center 15 кастрычніка апублікаваў вынікні маштабнага даследавання грамадскай думкі ў краінах Еўропы.

Паводле дадзеных апытання, 84% палякаў пазітыўна ацэньваюць Еўрапейскі Звяз, а 71% лічыць, што еўрапейская інтэграцыя ўзмацняе польскую гаспадарку. Гэта самыя высокія паказнікі з 14 краінаў, у якіх праходзілі даследаванні. Для параўнання ў Вялікабрытаніі і Чэхіі меней паловы апытаных лічаць, што членства ў ЕЗ прынесла пазітыўныя вынікі. У сваю чаргу, у Францыі, Грэцыі, Балгарыі ды Італіі палова або крыху больш за палову апытаных лічаць, што еўрапейская інтэграцыі мела адмоўныя наступствы для іх краінаў.

Прэстыжны амерыканскі асяродак Pew Research Center таксама даследаваў стаўленне грамадзянаў да ўладаў сваё краіны. Большасць еўрапейцаў лічыць, што кіроўны клас не цікавіцца меркаваннем звычайных людзей. Аднак выключэннем сталі палякі, тут 45% лічаць наадварот. Напрыклад, у Вялікабрытаніі, Італіі, Вугоршчыне і Чэхіі меркаванне палякаў падзяляюць не болей за адну траціну рэспандэнтаў.

Таксама амерыканскія сацыёлагі пацікавіліся, каму давяраюць еўрапейцы. Насельнікаў Старога Свету папрасілі ацэніць узровень даверу да Ангелы Мэркель, Эмануэля Макрона, Віктара Орабана і Уладзімера Пуціна. Прэм’еру Вугоршчыны давярае толькі 27% еўрапейцаў, але ў Вугоршчыне і Польшчы Орбану давяраюць аж 45%.

Адметным з’яўляецца тое, што ў Польшчы зафіксаваны адзін з самых нізкіх узроўняў даверу кіраўніку Расіі Уладзіміру Пуціну – 15%. Пра тое, каму давяраюць і што цэняць еўрапейцы ў палітыцы пісала Gazeta Wyborcza.

Марыя Кручкоўска/эж