16 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень харчавання, устаноўлены ў 1979 годзе Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Галоўная мэта свята – паглыбленне ведаў насельніцтва на тэму глабальных праблем з недахопам прадуктаў харчавання і ўзмацненне пачуцця салідарнасці ў барацьбе з голадам, недаяданнем і галечай.
З кожным годам насельніцтва нашай планеты павялічваецца. Цяпер на Зямлі пражывае ўжо больш за 7,6 млрд. чалавек (дадзеныя за мінулы год). Паводле прагнозаў, праз пяць гадоў лічба жыхароў Зямлі перавысіць 8 млрд. Усіх гэтых людзей неабходна пракарміць, напаіць і апрануць. На думку спецыялістаў, Зямля ў стане пракарміць і 12 мільярдаў жыхароў, але багацце на нашай планеце раскладваецца вельмі нераўнамерна – адны жывуць у багацці і дастатку, а шмат прадуктаў харчавання ў багатых краінах проста марнуецца, а іншыя людзі паміраюць з голаду.
Дзеля таго, каб павысіць усвядомленасць людзей, асабліва жыхароў багатых краін, у адносінах праблем недахопу прадуктаў харчавання, кожны год у рамках Сусветнага дня харчавання выбіраецца адна тэма, якой прысвячаецца дадзенае свята. Сёлета гэта перш за ўсё заклік рацыянальна выкарыстоўваць прадукты, каб як мага менш іх трапляла на сметнік. З нагоды Сусветнага дня харчавання польская арганізацыя пад назваю Банкі харчавання падрыхтавала даклад аб маштабе марнавання прадуктаў. Гаворыць Анна Пшэтакевіч з Польскіх банкаў харчавання.
- З нагоды 40-годдзя Сусветнага дня харчавання мы, разам з нашымі партнёрамі з Галоўнай школы вясковай гаспадаркі падрыхтавалі даклад аб тым, як палякі марнуюць прадукты харчавання. Кожны год у нас выкідваецца шмат ежы. Амаль палова палякаў кажа, што яны выкідваюць ежу. Мы купляем за шмат, ходзім за пакупкамі без спіску, што неабходна купіць, купляем у запас, і з-за гэтага марнуем вельмі шмат харчавання – каля 9 млн. тон у год.
Неабходна таксама глядзець на якасць прадуктаў, якія мы набываем у краме, каб харчаванне даўжэй захавалася, – дадае дырэктар Падкарпацкага банку харчавання Дарота Расіньска-Енчменёнка (Dorota Rosińska Jęczmienionka).
- Няма такога дому, дзе б зусім не выкідвалі ежы. Перш за ўсё палякі купляюць больш, чым могуць выкарыстаць у сваёй кухні. Як правіла, ідучы на пакупкі, мы не рыхтуем спіскаў неабходных прадуктаў, не прадумваем, што нам будзе патрэбнае на бліжэйшыя некалькі дзён. Неабходна таксама звяртаць увагу на якасць прадуктаў харчавання. Можа, варта часам купіць менш прадуктаў, але лепшай якасці, каб мы былі ўпэўненыя, што нават на наступны дзень гэтую ежу можна будзе спажыць.
У польскіх дамах псуецца нямала прадуктаў, але ў ліку тых 9 млн. тон, якія кожны год трапляюць у Польшчы на звалку, таксама шмат прадуктаў, якія яшчэ нават не былі купленыя, паколькі, яшчэ ў краме закончылася дата мінімальнага тэрміну захоўвання, тавар застаўся ў вытворцы, бо ніхто яго не купіў, або нават на этапе вырошчвання, паколькі аказалася, што ўраджай на столькі вялікі, што фермер не ў стане яго прадаць. У такой сітуацыі на дапамогу прыходзяць згаданыя Банкі харчавання, якія выступаюць пасярэднікам паміж малазабяспечанымі слаямі насельніцтва і тымі асобамі ці фірмамі, якія маюць празмерную колькасць харчавання. Анна Пшэтакевіч адзначае, што праз розныя дабрачынныя арганізацыі яны шукаюць тых, каму патрэбная дапамога, і перадаюць ім прадукты харчавання.
- Мы едзем па прадукты харчавання ў крамы, да вытворцаў або фермераў, а пазней перадаем іх у дабрачынныя арганізацыі, адкуль прадукты трапляюць у дамы адзінокай маці, дамы сацыяльнай апекі, сталоўкі, дзе бясплатна кормяць бедных людзей, начлежныя дамы для бяздомных і г.д. І там з гэтых прадуктаў або робяць стравы, або раздаюць іх у форме пасылак.
Харчаванне, якое не ўдалося прадаць, не толькі не дае зарабіць свайму вытворцу, але выклікае дадатковыя кошты – неабходна яго ўтылізаваць. Таму фірмы стараюцца зрабіць усё магчымае, каб харчаванне, якое не ўдалося выпусціць у гандаль, перадаць бедным. Дарэчы, дзякуючы сацсеткам, таксама звычайныя людзі, а не толькі кампаніі, могуць падзяліцца прадуктамі. Напрыклад, у Мінску існуе гэтак званы фудшэрынг – на адмысловым сайце можна замясціць аб’яву аб жаданні пазбыцца ад нейкіх прадуктаў, якія яшчэ прыдатныя для ежы, але ўладальніку ўжо непатрэбныя. Падобныя сайты ёсць таксама ў іншых гарадах і краінах.
ІАР ПР/нг