Беларуская Служба

Беларусі патрэбная мапа месцаў савецкага тэрору

16.10.2019 15:55
У краіне стварылі калектыўную ініцыятыву з працоўнай назвай «Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору».
Аўдыё

Прадстаўнікі сталічных і рэгіянальных ініцыятыў па мемарыялізацыі месцаў масавага пахавання ахвяр сталінізму на сустрэчы 13 кастрычніка ў Менску аб’ядналіся ў калектыўную ініцыятыву з працоўнай назвай «Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору».

На ёй сабраліся людзі, якія займаюцца ўшанаваннем памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору з розных гарадоў Беларусі, у тым ліку, Мінску, Віцебску, Воршы, Магілёве, Барысаве, Баранавічах, Лагойску. Актывісты абмеркавалі тое, як супольнымі намаганнямі можна зрабіць сваю працу больш эфектыўнай. Кожны з удзельнікаў агучыў свой пункт гледжання, як заняцца праблемай памяці ахвяр бальшавіцкага тэрору.

Паводле каардынатара грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» Ігара Станкевіча, адным з найважнейшых этапаў працы павінна быць праца са сваякамі расстраляных:

- У расстраляных людзей ёсць шмат сваякоў. Яны кожны паасобку намагаюцца аднавіць сваю ўласную гісторыю, звяртаюцца ў архівы КДБ. У Воршы мы яднаем сваякоў расстраляных. На сённяшні дзень у нас звыш 50 чалавек і далучаюцца новыя. Людзям гэта баліць, яны хочуць ведаць, хоць мінаюць пакаленні. Я ўжо трэцяе пакаленне расстраляных. І пакуль я не бачыў, каб хтосьці працаваў са сваякамі расстраляных. Гэта вялікі патэнцыял. Гэта людзі, якія маюць энергію да працы, для ўпарадкавання гэтых месцаў. А іх пакуль яшчэ ніхто на гэтыя месцы не прывёў, апроч, магчыма, Воршы і Курапатаў.

Іншым важным пунктам з’яўляюцца мапы

- Напрыклад, у Расіі мапаў месцаў расстрэлу шмат. Гэтыя месцы афіцыйна пазначаныя. Шмат дзе на мемарыялах ёсць прозвішчы расстраляных. У іх адкрыцці ўдзельнічаюць першыя асобы дзяржавы. У мінулым годзе, напрыклад, у Катыні побач з мемарыялам польскім грамадзянам адчынілі мемарыял расстраляным савецкім грамадзянам з прозвішчамі. У нас гэтага наагул няма. Мая праца ідзе па крупінах. Напрыклад, у Магілёве былы следчы назбіраў шмат паказанняў, што ў пэўным месцы расстрэльвалі людзей. Ён дамогся ад райвыканкама, каб там усталявалі крыж. Гэта было літаральна некалькі год назад. У Гомелі ёсць праваслаўная грамада, якая штогод ушаноўвае памяць расстраляных праваслаўных святароў.

Справа адна за другой, можна шмат чаго рабіць. Але лепш, калі мы будзем гэта рабіць не паасобку. Трэба найперш працаваць з грамадствам, звяртацца да людзей. Нават калі сасланыя не вярнуліся, то гэта ўжо нагода, каб прыйсці, усталяваць на сімвалічнае месца крыж, шыльду, ці звычайна ўскласці кветкі.

Запланавана, што нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору наступным разам збярэцца ў студзені. Чакаецца, што будзе сфармаваная група, якая зоймецца стварэннем сайта ініцыятывы, агульнай базы месцаў масавага знішчэння і пахавання ахвяр рэпрэсіяў.

слухайце аўдыё

ав