Беларуская Служба

У Менску прэзентавалі кнігу "За першымі саветамі"

06.11.2019 14:30
У Беларусі ўсё яшчэ ідзе дыскусія наконт ацэнкі падзей верасня 1939 г., чым яны былі – савецкай акупацыяй, вызваленнем ці аб’яднаннем Беларусі?
Аўдыё
Spotkanie żołnierzy niemieckich i sowieckich w okolicach Brześcia nad Bugiem 20 września 1939 roku
Spotkanie żołnierzy niemieckich i sowieckich w okolicach Brześcia nad Bugiem 20 września 1939 rokuBundesarchiv, Bild 101I-121-0008-25 / Ehlert, Max / CC-BY-SA 3.0

У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі гісторыкаў Вольгі Івановай і Аляксандра Смалянчука, прысвечанай польска-беларускаму памежжу ў 1939-41 гадах. У выданні сабраныя аповеды звыш сотні сведкаў гістарычных падзей, між іншым, нападзення Савецкага Саюзу на Польшчу 17 верасня 1939 году.

Кніга «За першымі саветамі» – гэта перш за ўсё сведчанне асобаў, якія пражывалі ў тыя часы ў заходняй частцы Беларусі, сабраныя ў Беларускім архіве вуснай гісторыі. Выданне аспрэчвае міф савецкай гістарыяграфіі пра вызваленне заходняй Беларусі ад «польскага прыгнёту». Па словах аднаго са складальнікаў кнігі, прафесара Аляксандра Смалянчука, для беларусаў 17 верасня 1939 году таксама было трагедыяй. Больш падрабязна пра выданне расказвае сам аўтар.

- Там успаміны 107 сведкаў гісторыі, сабраныя ў фондзе Беларускага архіва вуснай гісторыі. Гэта людзі 1920-30-ых гадоў нараджэння з усёй Беларусі, хаця пераважае, канешне, заходняя Беларусь. Гэтыя падзеі былі больш актуальныя для заходняй Беларусі, усходняя Беларусь у верасні 1939 году проста нічога не заўважыла. Калі мы пытаемся людзей, калі пачалася вайна, то ва ўсходняй частцы Беларусі кажуць – 22 чэрвеня 1922 г., а ў заходняй – у 1939 годзе. У гэтую кніжку ўвайшлі аповеды, якія збіраліся 7-8 гадоў, пераважна вяскоўцаў, калгаснікаў, без адукацыі. Цікава тое, што на іх успаміны не мае ўплыву культурная памяць – фільмы, літаратура, газеты ці дзяржаўная прапаганда.

Калі ў Польшчы гісторыкі згодныя, наколькі вялікай трагедыяй і ўдарам у спіну было нападзенне саветаў, то ў Беларусі ўсё яшчэ ідзе дыскусія наконт ацэнкі тых падзей. Чым яны былі – савецкай акупацыяй, вызваленнем ці аб’яднаннем Беларусі? Адназначна адказаць на гэтае пытанне вельмі цяжка, – кажа гісторык. З аднаго боку аб’ядналіся беларускія землі, а з іншага – прыйшла страшная бяда – вайна і сталінізм.

- Калі казаць пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці, то для Беларусі страшным ударам быў рыжскі мір, які падзяліў тэрыторыю паміж СССР і Польшчаю. Супраць гэтага падзелу 1921 г. выступалі ўсе беларускія партыі. Таму калі сёння ідзе гаворка пра 17 верасня 1939 г., то значная частка беларускай інтэлігенцыі кажа, што беларускія землі з’ядналіся. Некаторыя нават заяўляюць, што без верасня 39 г. невядома, ці сёння існавала б Рэспубліка Беларусь. Так што калі глядзець з пазіцыі дзяржаўнасці, тут ёсць пазітыў. З іншага боку, на гэтым нельга ставіць кропку, паколькі для жыхароў Беларусі тыя падзеі абярнуліся страшнай трагедыяй – прыйшоў сталінізм, прыйшла вайна. Трэба пра гэта казаць. Нават тое, што з фармальнага пункту гледжання тэарэтычна можна ацэньваць пазітыўна, у жыцці людзей было страшнай трагедыяй.

Польска-беларускае памежжа пад канец 30-ых – на пачатку 40-ых гадоў адносна слаба даследаванае беларускімі гісторыкамі. Афіцыйна дзяржава трымаецца погляду, які быў распаўсюджаны яшчэ ў савецкія часы, і не жадае капаць глыбей, – мяркуе Алесь Смалянчук.

- Беларускія ўлады не збіраюцца нічога даследаваць. Гэта быў «акт гістарычнай справядлівасці» і кропка. Дзяржава вяртаецца да савецкай версіі, але агучваць яе не хоча, трымаецца на дыстанцыі. Калі агучыць савецкую версію, то як будаваць адносіны з Польшчай? А калі падтрымаць версію апазіцыі, то трэба пагаджацца з грамадскасцю, а дзяржаве не выпадае весці дыялог. І яна проста маўчыць.

Кніга, у якой сабраныя ўспаміны сведкаў падзей пачатку Другой сусветнай вайны, выйшла ў рамках праекту Цэнтру польска-беларускага дыялогу і паразумення. Асобы, якія набылі яе ўчора падчас прэзентацыі, перадавалі частку сродкаў ад кнігі на дзіцячы госпіс у Гродне, родным горадзе прафесара Смалянчука.

У. Пац/нг

на здымку: сустрэча савецкіх і нямецкіх салдат каля Брэста, 20 верасня 1939 г.