Беларуская Служба

Мала хто ведае, што сапраўдны Джэймс Бонд працаваў у Варшаве

29.09.2020 16:21
Дарэчы, варшаўскі Бонд не любіў гарэлку з Марціні, а аддаваў перавагу звычайнаму піву.
Аўдыё
  • 18 лютага 1964 года ў Варшаву прыбыў сапраўдны Бонд – так звалі супрацоўніка пасольства Вялікабрытаніі ў Польшчы, які пад дыпламатычным прыкрыццём вёў шпіёнскую дзейнасць
Фрагмент асабістай справы Бонда з дакументаў контрразведкі ПНРInstytut Pamięci Narodowej

«Мяне завуць Бонд. Джэйм Бонд» – гэтыя словы ведаюць многія, таму што гэта – славутая фраза агента 007. Але мала хто ведае, што сапраўдны Джэймс Бонд працаваў у Варшаве.
У 1960-я гады прыгоды літаратурнага Джэймса Бонда былі ўжо добра вядомыя ў свеце. Тым часам 18 лютага 1964 года ў польскую сталіцу прыбыў сапраўдны Бонд – так звалі супрацоўніка пасольства Вялікабрытаніі ў Польшчы, які пад дыпламатычным прыкрыццём вёў шпіёнскую дзейнасць. Афіцыйны ён служыў архівістам пры ваенным аташэ, насамрэч выконваў задачы для брытанскай разведкі. І вельмі хутка трапіў пад лупу контрразведкі Польскай Народнай Рэспублікі.

Дакументы, датычныя сапраўднага Джэймса Бонда, апублікаваў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы. Дарэчы, варшаўскі Бонд не любіў гарэлку з Марціні, а аддаваў перавагу звычайнаму піву.

Джэймс Бонд з пасольства Вялікабрытаніі ў Варшаве стараўся не адставаць ад славутага літаратурнага персанажа, і адразу ж пасля прыбыцця ў Польшчу ўзяўся за працу. Аднак практычна з самага пачатку ён трапіў у поле зацікаўлення афіцэраў ІІ-га дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў (контрразведка). Восенню 1964 года Бонд папаўся падчас шпіёнскай дзейнасці, калі фатаграфаваў вайсковыя аб’екты ў Ольштынскім і Беластоцкім ваяводствах.

У дакументах контрразведкі, якія рассакрэціў польскі Інстытут нацыянальнай памяці, гаворыцца, што варшаўскі Джэймс Бонд «характарызаваўся сярэднім інтэлектам, быў не супраць паразмаўляць, але адначасова быў вельмі асцярожны, і любіў піва і жанчын».

Брытанец жыў у Польшчы разам з жонкай і сынам, якія вярнуліся ў Вялікабрытанію 24 снежня 1964 года. Неўзабаве пасля гэтага на радзіму вярнуўся і сам агент – ён пакінуў Польшчу 21 студзеня 1965 года. Магчыма, кіраўніцтва Бонда зразумела, што ён трапіў у поле зроку польскай контрразведкі і вырашыла адклікаць свайго агента.

Які далейшы лёс варшаўскага Джэймса Бонда – невядома.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу