Беларуская Служба

44 гады таму гурт АВВА прэзентаваў у Варшаве прэм'ерныя песні

08.10.2020 20:34
Прыбыццё гурта АВВА, дарэчы, было бадай што адзіным выпадкам у гісторыі польскага шоў-бізнесу тых гадоў, калі зорка сусветнай музыкі прыехала ў Польшчу перад прэм’ерай сваёй кружэлкі.
Аўдыё
  • 44 гады таму ў Польшчы адбылася беспрэцэдэнтная падзея – у краіну прыехала зорка тагачаснай сусветнай эстрады гурт АВВА
Zejście z 6-metrowych schodów i piosenka Dancing Queen - tak rozpoczął sie koncert ABBY w Warszawie 7 października 1976 roku
Zejście z 6-metrowych schodów i piosenka "Dancing Queen" - tak rozpoczął sie koncert ABBY w Warszawie 7 października 1976 rokuPAP/Ireneusz Radkiewicz

44 гады таму ў Польшчы адбылася беспрэцэдэнтная падзея – у краіну прыехала зорка тагачаснай сусветнай эстрады гурт АВВА. Шведы выступілі на Польскім тэлебачанні, у тым ліку выканаўшы ў Варшаве некалькі песень, якія мелі ў польскай сталіцы сусветную прэм’еру.

З’яўленне 7 кастрычніка 1976 года шведскага гурта АВВА ў Польскай Народнай Рэспубліцы эпохі Эдварда Герэка можна параўнаць з прыездам у ПНР The Rolling Stones дзевяццю гадамі раней.

Прыбыццё гурта АВВА, дарэчы, было бадай што адзіным выпадкам у гісторыі польскага шоў-бізнесу тых гадоў, калі зорка сусветнай музыкі прыехала ў Польшчу перад прэм’ерай сваёй кружэлкі. Кружэлкі, якая бадай што з’яляецца найлепшай і якая ўтрымлівае такія творы, як «Dancing Queen», «Knowing Me, Knowing You», «Money, Money, Money» і «Fernando». Тады, 44 гады таму, АВВА запісала гэтыя творы на Польскім тэлебачанні для папулярнай перадачы Studio-2.

Дарэчы, песні «Knowing Me, Knowing You» і «Money, Money, Money» мелі ў Варшаве сваю сусветную прэм’еру – для шырокай публікі яны ўпершыню прагучалі менавіта ў польскай сталіцы.

Пару гадоў таму выйшла кніга пад назвай «АВВА ў Польшчы», аўтарам якой з’яўляецца Мацей Араньскі. У кнізе ёсць нямала цікавых фактаў, звязаных са знаходжаннем шведскай каманды ў Варшаве. У польскай сталіцы гурт пражываў у гатэлі «Форум», якія быў здадзены ў эксплуатацыю ў студзені 1974 года. Дарэчы, саму гасцініцу пабудавала шведская фірма. Дык вось, каля «Форума» гурт АВВА чакалі тысячы прыхільнікаў каманды! На запісе праграмы ў студыі Польскага тэлебачання прыняло ўдзел каля 100 чалавек публікі. Канцэрт у запісе паказалі 13 лістапада 1976 года. Сучаснікі казалі, што ў час паказу выступу па ТБ вуліцы польскіх гарадоў былі пустыя!

Дарэчы, салістка Агнэта Фельтскуг прыляцела ў Варшаву на дзень раней чым гурт, таму перад запісам на тэлебачанні яе можна было сустрэць у варшаўскіх універмагах, дзе яна рабіла пакупкі. А пасля канцэрта члены гурта накіраваліся на экскурсію ў варшаўскі Стары горад. І яшчэ адзін цікавы факт: на прэс-канферэнцыі абедзве салісткі пілі... польскую гарэлку. Зразумела, не, як гэта гаворыцца, «залпам», а пакрысе.

У тыя часы Польская Народная Рэспубліка мела праблемы з замежнай валютай, таму грошай, каб заплаціць шведам за канцэрт, не было. Менеджары АВВА дамовіліся з польскім бокам, што Польскае тэлебачанне заплаціць за прыезд музыкантаў, іх знаходжанне ў Варшаве і за запіс канцэрту. Узамен АВВА атрымае права на продаж запісу ў свеце за выключэннем краін сацлагера. Хоць гаварылася таксама пра тое, што за выступленне Польшча паставіла ў Швецыю некалькі вагонаў кансерваванага зялёнага гарошку.

Агульна прыезд у Польшчы гурта АВВА вельмі спадабаўся, і асабліва – гасціннасць палякаў. Пра гэта яны не раз гаварылі ў размове з журналістамі, і не толькі польскімі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на фота і відэа: канцэрт у студыі Польскага тэлебачання 7 кастрычніка 1976 года


Больш на гэтую тэму: Машына часу