Беларуская Служба

Анджэй Дуда: Польшча ўсведамляе цану падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі (ФОТА)

09.12.2021 20:20
Прэзідэнт Анджэй Дуда заклікаў падчас Саміту для дэмакратыі да салідарнасці з Беларуссю.
Аўдыё
  • Прэзідэнт Анджэй Дуда заклікаў падчас Саміту для дэмакратыі да салідарнасці з Беларуссю.
   i
Прэзідэнт Анджэй Дуда i Святлана ЦіханоўскаяPAP/Rafał Guz

Сітуацыя ў Беларусі і міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы сталі асноўнымі тэмамі перамоваў прэзідэнта Анджэя Дуды і Святланы Ціханоўскай. Народнаабраны лідар Беларусі ў чацвер наведала з візітам Польшчу.

Кіраўнік польскай дзяржавы, які запрасіў Святлану Ціханоўскую ў Прэзідэнцкі палац, падкрэсліў, што знаходзіцца з ёй у пастаянным кантакце, а апошняя размова – гэта таксама вынік яго паездкі на памежжа, якая адбылася ў сераду. Нагадваем, Анджэй Дуда і першая лэдзі наведалі рэгіён Кузніцы, дзе сустрэліся з памежнікамі, жаўнерамі і супрацоўнікамі іншых службаў, якія абараняюць мяжу Польшчы ад гібрыдных дзеянняў рэжыму ў Мінску.

На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы кіраўнік польскай дзяржавы падкрэсліў, што беларускія службы працягваюць правакацыі на мяжы:

- Напрыклад, у рэгіёне Кузніцы, па беларускім баку, мігранты былі дыслакаваныя ў будынку склада ў кіламетр ад мяжы. Такім чынам яны максімальна цягам 10 хвілін могуць апынуцца на мяжы. І хоць зараз не фіксуюцца ўжо буйныя беспарадкі, то кожны дзень мяжу спрабуюць перасячы групы з некалькіх дзясяткаў мігрантаў. Таму сітуацыя на мяжы надалей складаная.

Святлана Ціханоўская Святлана Ціханоўская PAP/Rafał Guz

Святлана Ціханоўская заявіла, што тыя, хто стаіць за правакацыямі на мяжы Беларусі і Польшчы, не маюць права выступаць ад імя беларусаў. Улады Мiнску яна назвала злачыннай групай:

- На жаль, Польшча выпрабавала гэта на ўласнай скуры. Сапраўдная Беларусь – гэта народ, які больш за год мужна змагаецца за свабоду і справядлівасць. Цяпер нашыя народы (польскі і беларускі – рэд.) бліжэй, чым калі-небудзь – незалежна ад межаў і падзелаў. Палякі разумеюць, што гэта не толькі праблема беларусаў; што яны змагаюцца «за нашую і вашую свабоду».

Падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася пытанне «канстытуцыйнага рэферэндуму», запланаванага ў Беларусі ў лютым. Прэзідэнт выказаў перакананне, што і гэтае галасаванне, хутчэй за ўсё, будзе сфальсіфікаванае рэжымам Лукашэнкі:

- Сёння найважнейшае пытанне: што рабіць, каб свет даведаўся пра сапраўдную сітуацыю ў Беларусі. Як прадухіліць хлуслівыя афіцыйныя паведамленні пра тое, што ўсё праходзіць згодна з правам. Свет павінен зразумець, што гэта дзяржава (Беларусь –рэд.), у якой рэжым не прытрымліваецца ніякіх дэмакратычных нормаў. У Беларусі тысячы людзей застаюцца ў турмах, людзі пакутуюць, і сістэматычна запалохваюцца.

Анджэй Дуда Анджэй Дуда PAP/Rafał Guz

Святлана Ціханоўская пацвердзіла, што стратэгія беларускай апазіцыі не змянілася з мінулага года. Паводле яе, усе крызісы павінны вырашацца мірным шляхам. «Нашая мэта – вызваліць палітвязняў і пачаць дыялог з тымі, хто прадстаўляе рэжым», – сказала Ціханоўская:

- Дыктатары не разумеюць мовы дыпламатыі, толькі мову сілы і гвалту. У сваю чаргу мы перакананыя, што толькі агульная пазіцыя дэмакратычных дзяржаў будзе для нас рэальнай апорай. З аднаго боку мы павінны аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі, а з другога боку, мы павінны падтрымліваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Усё гэта можа прывесці нас да зменаў, якіх мы жадаем.

Святлана Ціханоўская таксама падзякавала Польшчы за падтрымку. Яна нагадала, што Польшча – адна з першых краінаў, якія адкрылі свае дзверы для беларусаў і выказаліся за дэмакратычныя перамены ў Беларусі.

Лідарка беларускай апазіцыі суправаджала прэзідэнта Анджэя Дуду падчас яно ўдзелу ў Саміце за дэмакратыю, які арганізаваў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. У віртуальнай сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі больш за сотні краін і некалькі дзясяткаў міжнародных інстытутаў і няўрадавых арганізацый.

Канцылярыя прэзідэнта падкрэслівае, што сумесны ўдзел прэзідэнта Польшчы і Святланы Ціханоўскай у саміце з'яўляецца бачным знакам таго, што «Польшча стаіць на баку беларускага народу і не пакіне яго на волю дыктатуры».

Падчас свайго выступлення прэзідэнт казаў пра імкненне Польшчы да дэмакратызацыі ў Беларусі і падкрэсліў, што вынікам польскай падтрымкі з’яўляецца міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы. Ён таксама нагадаў пра больш за 900 палітвязняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і пра тое, што менш чым за 200 кіламетраў ад Варшавы ў Беларусі праходзіць мяжа дэмакратыі:

- Гэта прорва паміж дэмакратыяй і ейнай адсутнасцю. У Беларусі няма дэбатаў пра выбарчую сістэму, палярызацыю, меншасць і ідэалогію. Гэта прывілей нас – жыхароў Захаду. Там асноўны клопат – як давесці да вызвалення 900 чалавек, адзіная віна якіх -жаданне свабодных выбараў і як адхіліць ад улады дыктарата, які застаецца пры гэтай уладзе ўжо 27 гадоў; парушыў усе прынцыпы цывілізаванага свету, фальсіфікаваў выбары і здушыў пратэсты.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што пасля вяртання свабоды ў канцы 1980-х гадоў, Польшча ўзяла на сябе абавязак падтрымліваць дэмакратыю ва Усходняй Еўропе. Ён прызнаў, што краіна ўсведамляе цану падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Прэзідэнт таксама запэўніў, што Польшча будзе ставіцца да 180 тысяч беларусаў, якія знайшлі працу або прытулак, як да «братоў і гасцей». Польскі прэзідэнт ацаніў, што пытанне Беларусі зʼяўляецца адным з найважнейшых выклікаў у дэмакратычным свеце.

Увечары прэзідэнт Анджэй Дуда, першая лэдзі Агата Карнгаузер-Дуда і Святлана Ціханоўская сустрэліся з семʼямі зняволеных беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы.


Увечары прэзідэнт Анджэй Дуда і Святлана Ціханоўская сустрэліся з сем'ямі зняволеных беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы. Увечары прэзідэнт Анджэй Дуда і Святлана Ціханоўская сустрэліся з сем'ямі зняволеных беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы. PAP/Rafał Guz

З народнаабраным кіраўніком Беларусі сустрэлася таксама спікер польскага Сейму Эльжбета Вітэк. «Сустрэча стала магчымасцю пацвердзіць нязменную і адназначную падтрымку дэмакратычных сілаў у Беларусі з боку Польшчы», – паведамляе Канцылярыя Сейму.

Нагадваем, раней Сейм акламацыяй ухваліў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускі рэжым спыніць рэпрэсіі супраць Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута ды іншых палітвязняў. Палата запатрабавала таксама іх вызвалення. Тэкст рэзалюцыі зачытала спікер Эльжбета Вітэк:

- Сейм Польшчы высока ацэньвае мужнасць і непахіснасць Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута, а таксама іншых членаў палітычнай апазіцыі, калектыўна затрымліваных у Беларусі. За гэткае стаўленне ў беларускай рэчаіснасці, яны плацяць найвышэйшую цану. Адначасова Сейм Польшчы звяртаецца да міжнароднай супольнасці з заклікам асудзіць дзеянні беларускага аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і зрабіць адпаведныя крокі, каб ён паважаў элементарныя правы чалавека.

Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут – актывісты непрызнанага рэжымам у Мінску Саюза палякаў у Беларусі. Борыс была затрыманая 23 сакавіка бягучага года за арганізацыю культурнага мерапрыемства, прызнанага беларускімі ўладамі «незаконным». Праз два дні арыштаваны быў таксама Пачобут. Рэжым Лукашэнкі абвінаваціў яго ў «рэабілітацыі нацызму».

Cпікер польскага Сейму Эльжбета Вітэк. PAP/Tomasz Gzell Cпікер польскага Сейму Эльжбета Вітэк. PAP/Tomasz Gzell

У прынятай Сеймам рэзалюцыі гаворыцца, што крымінальныя справы, распачатыя супраць актывістаў СПБ, палітычна матываваныя і зʼяўляюцца рэакцыяй на падтрымку дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі з боку польскіх уладаў.

IAR/аз

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся са Святланай Ціханоўскай

09.12.2021 13:32
Увечары запланаваная сустрэча кіраўніка польскай дзяржавы і першай лэдзі з беларускімі бежанцамі ў Польшчы.

Сейм Польшчы патрабуе вызвалення Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута

09.12.2021 16:31
Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускі рэжым спыніць рэпрэсіі супраць Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

Прэзідэнт Анджэй Дуда і Святлана Ціханоўская прынялi ўдзел у Саміце для дэмакратыі

09.12.2021 19:26
Падчас свайго выступлення Анджэй Дуда казаў пра падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і крызіс на мяжы з гэтай краінай.