Беларуская Служба

Палякі адзначаюць 78-ю гадавіну Варшаўскага паўстання

01.08.2022 08:01
Пасля перапынку, выкліканага эпідэміяй, па ўсёй сталіцы праходзяць сотні мерапрыемстваў.
Аўдыё
  • Палякі адзначаюць 78-ю гадавіну Варшаўскага паўстання
M
Mанументальны помнік у гонар герояў Варшаўскага паўстанняAutorstwa Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=81107828

Сёння палякі адзначаюць 78-ю гадавіну пачатку Варшаўскага паўстання. Пасля перапынку, выкліканага эпідэміяй, па ўсім горадзе праходзяць сотні мерапрыемстваў. Іх кульмінацыяй традыцыя стане гадзіна «W», калі загучаць сірэны і горад на хвіліну спыніцца.

Пасля гадзіны «W» у месцах памяці, звязаных з Варшаўскім паўстаннем, можна будзе сустрэць валанцёраў, якія раскажуць пра гісторыю будынкаў, скрыжаванняў ці вуліц, якія адыгралі сваю ролю ў аперацыі. Дырэктар Музэя Варшаўскага паўстання Ян Аўдакоўскі заахвочвае наведваць як мага больш гэткіх месцаў.
У рамках святкавання запланаваныя дзяржаўныя ўрачыстасці з удзелам найвышэйшых уладаў Польшчы, сустрэчы з паўстанцамі, марш памяці, канцэрты, выставы і прабегі па вуліцах Варшавы.

1 жніўня Нацыянальны цэнтр культуры запрашае на акцыю «Жывы знак Варшаўскага паўстання». Ужо восьмы раз на Замкавай плошчы ў Варшаве будзе арганізаваны хэпенінг, падчас якога людзі ўтворыць жывы паўстанцкі якр. «Жывы знак Варшаўскага паўстання – гэта грамадская ініцыятыва, мэтай якой з'яўляецца ўшанаванне памяці варшаўскіх паўстанцаў. Дзякуючы нашым штогадовым акцыям на Замкавай плошчы замежнікі могуць даведацца, чаму Варшава 1 жніўня, а 17.00 затрымліваецца і ўшаноўвае сваіх герояў», – чытаем на сайце Нацыянальнага цэнтра культуры. Ініцыятыва ладзіцца з 2014 года і ўжо стала традыцыяй для многіх варшавян і гасцей горада. Мерапрыемства штогод прыцягвае тысячы людзей. Пачатак збору ўдзельнікаў акцыі на Замкавай плошчы – а 16.00.

У сваю чаргу а 16.30 у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве Нацыянальны цэнтр культуры ладзіць сустрэчу з героямі кнігі Ежы Мірэцкага: «Дзеці 44-га». Падчас сустрэчы сваімі ўспамінамі падзеляцца ацалелыя героі кнігі: Яанна Раўба, Ежы Марэцкі і палкоўнік Чэслаў Левандоўскі. Акрамя гісторыі і ваенных аповедаў, праграма сустрэчы ўключае прэзентацыю фрагментаў спектакля «Дзеці паўстання 44» у выкананні Тэатра альтэрнатыўнага танца LUZ з Седльцаў.

А 20.30 на плошчу Пілсудскага пачнецца ўжо традыцыйнае музычнае мерапрыемства «Жыхары Варшавы спяваюць (не)забароненыя песні».

У сваю чаргу апоўначы адбудзецца прэмʼера спектакля, падрыхтаванага Музеем Варшаўскага паўстання. У гэтым годзе музей падрыхтаваў спектакль паводле рамана Уладзіслава Замбжыцкага «Кватэра божых варʼятаў».
«Чацвёра пажылых мужчын, сябраў і прадстаўнікоў даваеннай інтэлігенцыі праводзяць жнівень і верасень 1944 года ў цэнтры Варшавы, у пакоі пры пракаце кніг», – кажа намеснік дырэктара Музея Варшаўскага паўстання Павел Укельскі(Paweł Ukielski):

- Спецыфіка іх размоваў у тым, што за вокнамі і сценамі людзі гінуць. Немцы здзяйсняюць злачынствы, а ў мужчынаў адна ўмова – нельга казаць пра сумныя і дэпрэсіўныя справы.

Рэжысёрка спектакля Катажына Касіца(Katarzyna Kasica) адзначыла, што «Кватэра божых варʼятаў » – гэта тэкст, які прымушае задумацца над тым, як можна гаварыць пра смерць: -

-Ці можна казаць пра смерць без пафасу, ці трэба і варта казаць пра тое, чым насамрэч з’яўляецца для нас смерць.

Спектакль таксама можна будзе паглядзець з 3 па 6 жніўня ў 20.00 у Музеі Варшаўскага паўстання. Квіткі можна набыць у касе музея і на сайце www.1944.pl.

Сёлетняе святкаванне 78-й гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання пачалося ўжо 19 ліпеня прэмʼерай кнігі «Мы хацелі быць свабоднымі. Варшаўскае паўстанне 1944 года», якую выдаў Музей Варшаўскага паўстання.

У сваю чаргу Музеі спорту і турызму ў Варшаве ў рамках 78-й гадавіны Варшаўскага паўстання арганізаваў прэзентацыю фільма Малгажаты Брамы(Małgorzata Brama) «Спартсмены ў Варшаўскім паўстанні». Дакументальны мастацкі фільм распавядае пра акупацыйны спорт і пра спартсменаў, якія ўдзельнічаюць у паўстанцкіх баях. Рэжысёрка адзначае, што фільм праз спорт паказвае гісторыю і патрыятызм спартсменаў:

- Фільм «Спартсмены ў Варшаўскім паўстанні» паказвае паўстанне з іншага боку. Самая галоўная задача фільма – заахвоціць маладых гледачоў пазнаёміцца з гісторыяй Варшаўскага паўстання, гісторыяй паўстанцаў і зразумець паўстанцкі этас. Гаворка ідзе пра тое, каб спорт заахвоціў маладых людзей паглядзець гістарычны фільм.

Дырэктар Музэя спорту і турызму ў Варшаве Славамір Майхэр(Sławomir Majcher) адзначыў, што фільм паказвае Варшаўскае паўстанне з перспектывы спартоўцаў, сярод якіх была больш за сотня алімпійцаў, у тым ліку пяць алімпійскіх прызёраў:

- Падчас Другой сусветнай вайны немцы забаранілі спорт у адной акупаванай краіне свету – Польшчы. Акупанты ведалі, што спартсмены – гэта мужныя, упартыя людзі, і, галоўнае –патрыёты. Яны хацелі зламаць гэты патрыятызм; зламаць мужнасць палякаў, забараніўшы спорт і любыя спаборніцтвы. Гэта ім не ўдалося. Спартсмены паказалі вялікую сілу і адвагу. Калі пачалося паўстанне каля тысячы з іх стаялі на барыкадах.

Гісторыя фільма грунтуецца, у тым ліку, на аўтэнтычных расказах апошніх жывых спартсменаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў падполлі і паўстанні 1944 года. Фільм створаны пад ганаровым патранатам Згуртавання Варшаўскіх паўстанцаў.

У сваю чаргу ў Адукацыйным цэнтры Інстытута спадчыны нацыянальнай думкі надоечы адбылася прэмʼера кнігі Марцэліны Капроўскай пад загалоўкам: «Рэлігійнае жыццё падчас Варшаўскага паўстання». Багата ілюстраванае выданне зʼяўляецца першым поўным апісаннем рэлігійнага жыцця падчас паўстання ў Варшаве ў 1944 годзе. Аўтарка кнігі даказвае, што паўстанцкае жыццё было пабудаванае на пабожнасці, тым больш, што акупанты з вялікай руплівасцю змагаліся з хрысціянскай верай.

Нагадваем, Варшаўскае паўстанне было найбуйнейшай падпольнай узброенай аперацыі ў акупаванай Германіяй Еўропе і адначасова адным з найважнейшых нацыянальных паўстанняў у гісторыі Польшчы. Яно пачалося 1 жніўня 1944 года і было часткай ваеннай аперацыі Арміі Краёвай пад кодавай назвай «Бужа». Успышка паўстання была запланавана на гадзіну «W», то бок на 17:00. Паўстанне працягвалася 63 дні і скончылася 2 кастрычніка 1944 года.

Паводле розных ацэнак падчас Варшаўскага паўстання магло загінуць 150 – 200 тысяч жыхароў сталіцы, у тым ліку 16 -18 тысяч жаўнераў. Астатнія жыхары Варшавы, каля 500 тысяч, былі выгнаны з горада, які па загаду Гітлера быў амаль цалкам знішчаны. У справаздачы, падрыхтаванай у 2004 годзе, страты Варшавы з-за паўстання ацэньваюцца ў больш за 45 мільярдаў долараў.

IAR/аз