Беларуская Служба

Улада Польшчы робіць стаўку на ўкраінцаў. У іншых замежнікаў могуць узнікнуць праблемы

04.11.2022 10:41
Гэта можа негатыўна закрануць беларусаў і членаў іх сем’яў, якія прыехалі ў Польшчу ў апошнія гады ў межах праекту Poland Business Harbor.
Беларускі пашпартфота: БСПР/нг

Улада Польшчы робіць стаўку на ўкраінцаў. У іншых замежнікаў могуць узнікнуць праблемы з легалізацыяй знаходжання, піша «Dziennik Gazeta Prawna».

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі прадставіла папраўку да ўкраінскага спецзакона. У ёй прадугледжваецца спрашчэнне працэдуры легалізацыі знаходжання ўкраінцаў у Польшчы.

Палажэнне, якое дзейнічае сёння, прадугледжвае, што пасля дзевяці месяцаў знаходжання ў Польшчы ўкраінцы могуць звярнуцца ў ваяводскую ўправу па спецыяльны дазвол на пастаяннае пражыванне, каб назаўсёды легалізаваць сваю прысутнасць у Польшчы. Міністэрства хоча змяніць гэтыя правілы і спрасціць легалізацыю знаходжання ўкраінцаў. Папраўка прадугледжвае, што нават калі грамадзянін Украіны не адпавядае ўсім патрабаванням для атрымання віду на жыхарства, яму даюць яго на год.

Што з іншымі замежнікамі, якія застаюцца ў Польшчы?

Папраўка ўносіць вельмі важную змену, бо прадугледжвае выключэнне працэдуры легалізацыі знаходжання ў Польшчы замежнікам паводле антыкавідных правілаў. Згодна з гэтымі правіламі, замежнікі не павінны былі падаваць заявы на часовы від на жыхарства ў Польшчы, таму што падчас эпідэміі і эпідэмічнай пагрозы іх знаходжанне ў Польшчы лічылася законным. Такая запланаваная змена правілаў азначае, што ўсе замежнікі, якія знаходзяцца ў Польшчы – за выключэннем украінцаў – павінны як мага хутчэй падаць заяву на атрыманне віду на жыхарства. Папраўка ва ўкраінскі спецзакон павінна ўступіць у сілу да 24 лістапада, а праз 30 дзён згаданыя нормы знікнуць. Гэта азначае, што ў замежнікаў мала часу на афармленне фармальнасцяў.

Што гэта значыць на практыцы? «Dziennik Gazeta Prawna» піша, што гэта можа скончыцца тым, што многім іншаземцам давядзецца з’ехаць, бо яны не атрымаюць віду на жыхарства ў ваяводскім упраўленні. Гэта можа закрануць у тым ліку беларусаў і членаў іх сем’яў, якія прыехалі ў Польшчу ў апошнія гады ў межах праекту Poland Business Harbor. Мяркуецца, што гэта могуць быць нават дзясяткі тысяч людзей, якія пасля змены правілаў могуць мець праблемы з легалізацыяй знаходжання ў Польшчы. І трэба памятаць, што многія беларусы, ратуючыся ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, прыязджалі ў Польшчу цэлымі сем'ямі. Пра іх варта паклапаціцца, бо ў большасці гэта людзі з добрай адукацыяй і навыкамі, неабходнымі польскім прадпрымальнікам, піша газета.

ав

Цэнтр Беларускай Салідарнасці інфармуе пра цяжкасці з атрыманнем гуманітарных візаў у Польшчы

26.10.2022 17:47
Віну спецыялісты цэнтру ўскладваюць на працаўнікоў візавых цэнтраў.

Польскія ўлады неахвотна даюць беларускім палітычным уцекачам міжнародную абарону

27.10.2022 12:01
Чаму так адбываецца, і чаму гэта не карысна для беларусаў, расказалі юрысты Цэнтру Беларускай Салідарнасці.