3-5 лістапада 2022 г. у Беластоку прайшла ўжо шостая па ліку міжнародная навуковая канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя”. Першыя чатыры канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя” па традыцыі адбываліся ў Гродне пад эгідай Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў гэтым беларускім горадзе, дзе пражывае значная колькасць палякаў — карэннага насельніцтва гэтай тэрыторыі.
Адным з ініцыятараў правядзення ў Гродне, летась у Вільні, а сёлета ў Беластоку канферэнцыі “Палякі ў Беларусі” з’яўляецца былы генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжак.
У арганізацыі навуковага мерапрыемства таксама прынялі ўдзел Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта на чале з яго дырэктарам Янам Маліцкім, Саюз палякаў Беларусі на чале з яго першым, а цяпер ганаровым старшынёй Тадэвушам Гавіным, МЗС Рэспублікі Польшча і іншыя арганізацыі, якія падтрымліваюць палякаў у Беларусі.
Ярослаў Ксёнжак падзяліўся на канферэнцыі сваім поглядам на становішча палякаў у Беларусі — даўней і цяпер.
У сувязі з тым, што сёлета канферэнцыя “Палякі ў Беларусі” была прысвечана гісторыі і сучаснасці Каталіцкай царквы ў Беларусі, Ярослаў Ксёнжак адзначыў яе асобую ролю ў жыцці палякаў у Беларусі.
Ярослаў Ксёнжак: — Касцёл у Беларусі знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Робяцца намаганні захаваць у частцы літургіі польскую мову.
Касцёл у Беларусі з’яўляецца, вядома, беларускім. Аднак яго спецыфіка заключаецца ў тым, што значную частку вернікаў складаюць палякі. Так адбылося ў выніку гістарычных працэсаў.
Каталіцкая царква ў Беларусі звязана з польскай меншасцю ў гэтай краіне асаблівым чынам.
Так склалася яшчэ дзесяць стагоддзяў таму, што ў Польшчы каталіцкая рэлігія была вядучая.
А ў часы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай польская меншасць у складзе Расійскай імперыі шукала апоры ў касцёле. І ў той жа час касцёл станавіўся ў абарону палякаў, у тым ліку ў выпадках, калі да дамінуючай у Расійскай імперыі рэлігіі — праваслаўя — палякаў схілялі гвалтам.
Ярослаў Ксёнжак лічыць, што цяжка пераацаніць значэнне рэлігійнага фактару на землях былой Рэчы Паспалітай — дзе сустракаюцца, але і ўзаемапранікаюць Захад з Усходам, дзве цывілізацыі, традыцыі, ствараючы своеасаблівы культурны вузел. Яны даюць таксама ўзор добрасуседства паміж дзвюма супольнасцямі, якія жылі стагоддзямі на гэтай зямлі. Зразумела, ідэалізаваць мінулае нельга. Аднак у выніку каталіцка-праваслаўнага дыялогу сфарміраваліся адметныя каштоўнасці мясцовага насельніцтва — беларусаў і палякаў.
Дыпламат напомніў у сувязі з гэтым, што сёлета рэжым Лукашэнкі адабраў у вернікаў касцёл святога Сымона і святой Алены ў Мінску, які з’яўляўся значным цэнтрам як беларускай, так і польскай духоўнасці ў сталіцы Беларусі.
Ярослаў Ксёнжак: — Гэта адзін касцёл, якія быў адабраны ў вернікаў па нейкай недарэчнай прычыне.
Гэта выклікала вялікую заклапочанасць, пратэсты. Вернікі маліліся пад яго сценамі.
Былы генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне адзначыў, што ў першых канферэнцыях “Палякі ў Беларусі” прымаў удзел актывіст СПБ Анджай Пачобут, які цяпер сядзіць у турме рэжыму Лукашэнкі.
Ярослаў Ксёнжак: — Мы дамагаемся аднаго — вызвалення яго як чалавека, які абсалютна не вінаваты.
У сваю чаргу, ён многа зрабіў і для польскай, і для беларускай справы, а таксама для беларуска-польскіх адносін. А ён увесь час сядзіць у турме.
Мы таксама памятаем пра старшыню СПБ Анжаліку Борыс, асобу, якая ўжо ўвайшла ў гісторыю. Яна знаходзіцца цяпер не ў турме, але пад наглядам міліцыі — пасля года зняволення ў турме. І таму яе “свабода” цяпер умоўная.
Мы помнім пра іх.
Ярослаў Ксёнжак таксама закрануў яшчэ адну праблему — знішчэнне рэжымам Лукашэнкі некалькіх могілак на паўночным захадзе Беларусі, дзе пахаваны салдаты Арміі Краёвай.
Ярослаў Ксёнжак: — Цяпер, бадай, няма шансу, каб знайсці паразуменне, гледзячы на тое, што робіць Аляксандр Лукашэнка і яго каманда. Бо ўсё гэта выходзіць за рамкі чагосьці, што лічыцца цывілізаваным.
Знішчэнне могілак — гэта апошні крык гэтага рэжыму.
Калі ўжо даходзіць да змагання з жывымі праз змаганне з мёртвымі, то гэта сведчыць пра тое, што гэты рэжым прызнае, што не многае можа ўжо зрабіць.
Натуральна, што гэтыя могілкі будуць адноўлены. Я ў гэта глыбока веру.
Будуць адноўлены могілкі ў Сурконтах, дзе мы многа разоў бывалі, дбалі пра тое, каб гэта месца — польскія Фермапілы — было дагледжана. А цяпер яны заараны, засыпаны пяском. Натуральна, шкада... Але яны цалкам не зніклі. Бо калі яны не існуюць фізічна, то гэта не азначае, што іх няма. Яны па-ранейшаму існуюць. Калі гэтага не відаць, то гэта не азначае, што іх няма. Яны былі, ёсць і будуць.
Гаворачы пра адносіны да палякаў і католікаў на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай з боку розных рэжымаў — царскага, савецкага і інш., Ярослаў Ксёнжак звярнуўся да праблемы гістарычнай дынамікі рэпрэсій за Бугам.
Ярослаў Ксёнжак: — Паводле ўспамінаў вязняў савецкіх лагераў, якія жылі яшчэ пры царскім рэжыме і памятаюць з уласнага вопыту тагачасную пенітэнцыярную сістэму, царская ссылка была дзіцячым садам у параўнанні з тым, што адбывалася ў часы бальшавізму.
Адпаведна, рэпрэсіі, якія выкарыстоўваліся супраць Каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі, набылі якасна іншы ўзровень у камуністычныя часы. І гэтыя рэпрэсіі датычылі ўсіх, не толькі вернікаў, але і тых, хто не верыў.
Каталіцкая царква паводле вызначэння не ўпісвалася ў ідэалогію, якая павінна была прынесці чалавеку шчасце, роўнасць і ўсё найлепшае, а прынесла тое, што прынесла.
Адказы на многія пытанні гісторыі і сучаснасці, якія закрануў Ярослаў Ксёнжак, можна знайсці ў томе з артыкуламі польскіх і беларускіх вучоных, які выйшаў к канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя”, прадмову да якога напісаў сп. Ксёнжак. Ён адзначыў, што канферэнцыя, якая адбылася ў Беластоку, прайшла на фоне вялікіх падзей, што разгортваюцца ў рэгіёне — ва Украіне і Беларусі. Гэтыя падзеі таксама будуць разглядацца вучонымі на наступных канферэнцыях, ніжняя храналагічная мяжа якіх ахоплівае ўсё ХХІ ст.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё