Таксама яны крытыкуюць дзяржаўныя ўстановы за адсутнасць падтрымкі ды выканання незаконных мер, як выштурхоўванне і адмова прыняцця заяў на прытулак. Паведамляюць таксама пра катаванні ўцекачоў з беларускага боку, вайскоўцамі.
У апошнія тыдні назіраецца рост спроб нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. Толькі на гэтым тыдні штодзёнка польскі бок фіксаваў па 100-150 спроб нелегальна трапіць у Польшчу з Беларусі. Польская Памежная ахова паведамляе, што сярод парушальнікаў мяжы Камеруна, Кот-д'Івуара, Емена, Сірыі і Егіпта. У асноўным яны спрабуюць незаконна перасекчы раку Свіслач на ўчастках, якія ахоўваюцца пагранзаставамі ў Баброўніках, Крынках і Міхалове. Польскія следчыя органы сумесна з Еўраполам затрымалі на днях больш за 50 чалавек у розных краінах ЕС, якія зладзілі цэлую сетку, якая займалася арганізацыяй нелегальнага перасячэння мяжы ды дастаўкі мігрантаў у Нямеччыну.
Пагаршэнне сітуацыі на мяжы фіксуюць таксама няўрадавыя арганізацыі. Грамадская ініцыятыва «Grupa Granica» распавяла пра трагічную гуманітарную сітуацыю на польска-беларускай мяжы, кажа Аляксандра Лабада з «Grupa Granica».
- З пачатку крызісу «Grupa Granica» аказала гуманітарную дапамогу больш чым 13 тысячам чалавек. За апошнія 2 месяцы было 1100 зваротаў да нас. Прыязджаюць з Сірыі, Емену, Конга ды Камерун, Эфіопія, Судан, Ірак. Там канфлікты цягнуцца гадамі, яны маюць права на міжнародную дапамогу. Мур ды мілітарызацыя мяжы не зменшыла маштаб крызісу. З боку польскіх вайскоўцаў здараецца жорсткае стаўленне. Гуманітарную дапамогу ды медычную аказваюць толькі мясцовыя жыхары ды няўрадавыя арганізацыі. Яны патрабуюць дапамогі ды падтрымкі, каб прыцягнуць увагу да сітуацыі, каб польскія структуры дзейнічалі згодна з правам. Выштурхоўванне – нелегальная практыка - здараецца штодзённа. Гэтыя дадзеныя не адлюстроўваюць усяго маштабу крызісу на Падляшшы. Надыход зімы сведчыць, што сітуацыя будзе пагаршацца і дойдуць яшчэ абмаражэнні.
Гэтую практыку пацвярджаюць сведчанні шматлікіх уцекачоў, гаворыць Ганна Альбат з Minority right Group, якая кантактуе з мігрантамі.
- Уала з Сірыі 25 гадоў. Мы правялі тыдзень на беларускай мяжы. Я не хачу згадваць той час, мы спрабавалі перайсці мяжу 4 разы. 3 разы нас нават не запыталі адкуль мы. Чацвёрты раз мая бабуля, з якой я ехаў, зусім знясілела і я занёс яе ў шпіталь. Толькі дзякуючы гэтаму, мы цяпер у прытулку. У мяне вельмі абмежаваны кантакт. Мне прыкра гэта казаць, але не думаю, што бомбы ў Сірыі горш за беларускае ці польскае войска. Суданец Абу, 34 гады. Як толькі мы вярнуліся, беларускія жаўнеры пачалі нас біць. Была ноч і нас было шмат, мы кінуліся ўцякаць. Салдаты пачалі нас лавіць, цкуючы сабак, якія кідаліся на нас ды кусалі. Пасля таго як нас злавілі, яны забралі нашы тэлефоны. Усё ноч нас білі людзі ў чорных масках. Гэта была мая першая спроба перайсці мяжу. Я зраблю ўсё, каб пазбегнуць сустрэчы з гэтымі чорнымі маскамі.
Уцекачы на мяжы часта сутыкаюцца з шматлікімі праблемамі са здароўем, кажа лекар, якая аказвала медычную дапамогу ўцекачам Паўліна Бохнік.
- Са жніўня 2021 года я аказваю медычную дапамогу ўцекачам. У асноўным яны сутыкаюцца з абязводжваннем, знясільваннем з голаду, абмаражэннямі. У іх частыя болі мышцаў, мазалі, некаторыя збітыя (у асноўным беларускім салдатамі, але і польскімі часам таксама) з ранамі ад калючага дроту ці ўкусаў сабак. Здараюцца сур'ёзныя хваробы, як запаленне лёгкіх. Некаторыя ўцекачы былі катаваныя ў Беларусі, уключна з сексуальным гвалтам. Цяпер найбольшай праблемай становіцца холад, асабліва для цяжарных, якіх шмат на беларуска-польскай мяжы. Нават бываюць жанчыны на 9 месяцы цяжарнасці ды сем'і з малымі дзецьмі.
Пра юрыдычны аспект сітуацыі з уцекачамі на мяжы распавяла Марта Гурчыньска з Хельсінскага фонду правоў чалавека
- Летась, нягледзячы на крытыку праваабарончых арганізацый ды польскага амбудсмэна, улады ўвялі ў заканадаўства нелегальную практыку выштурхоўвання назад. Выштурхоўванні незаконныя, у асноўным яны робяцца на падставе ўнутраных дакументаў. Нелегальнасць у тым, што гэта калектыўнае выштурхоўванне, без індывідуальнага разгляду справы, з ігнараваннем заяў на міжнародную дапамогу. Тым больш, што мы ведаем, што з беларускага боку гэтых людзей катуюць. Суды абавязваюць Польшчу спыніць практыку выштурхоўвання. Ужо ёсць каля 100 паспяховых спраў. Іншая нелегальная практыка – гэта пеналізацыя салідарнасці за дапамогу на мяжы. У гэтых справы ідуць суды.
У выніку, кажуць актывісты, на мяжы колькасць памерлых ідзе на дзясяткі, а – зніклых – на сотні чалавека, кажа Магдалена Лучак, з «Grupa Granica».
- Кожны тыдзень да нас звяртаюцца сваякі з інфармацыяй пра тое, што іх блізкія зніклі на мяжы. На дадзены момант ужо 256 чалавек зніклі, толькі 61 знойдзены. Сярод іх 60% мужчын, шмат жанчын - 20%, 13% непаўналетнія. 10-18 чалавек знікаюць што месяц. Польскі бок ігнаруе заявы пра смерць і знікненне, кажуць імігранты, але гэтая інфармацыя не пацверджаная. Восенню колькасць зніклых расце. Асноўная прычына знікнення - непрадстаўленне Польшчай міжнароднай абароны і практыка незаконных выштурхоўванняў.
Прэсавы сакратар Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска зазначае, што частка інфармацыі грамадскіх актывістаў перабольшаная, а частка не адпавядае рэчаіснасці.
- На польскай мяжы памерлі сёлета 4 асобы, у мінулым 7 чалавек, агулам 11. Мы затрымліваем кожнага чалавека, які нелегальна перасякае мяжы. Пра зніклых нам не вядома, калі да нас звяртаюцца сваякі, мы прадстаўляем інфармацыю. Дапамога мігрантам не караецца. Кары падлягае дапамога пры нелегальным пераходзе, альбо непаведамленне службам пра здзяйсненне злачынства. Мы маем інфармацыю пра актывістаў, якія дапамагаюць у нелегальным пераходзе мяжы. Калі чалавек галодны і хоча піць, яму трэба дапамагчы. Але, калі вам вядома пра нелегальны пераход мяжы, трэба паведаміць службам. Памежная служба прымае заяўкі на міжнародную абарону ад кожнай асобы, аднак, калі замежнікі чакаюць, што памежнікі дазволяць ім ехаць наўпрост у Берлін, - гэтага не будзе. Кожны, хто імкнецца нелегальна дабрацца ў трэцюю краіну, атрымоўвае пастанаўленне аб абавязковым выдаленні, ён мусіць вярнуцца ў крану, адкуль прыехаў, то бок у Беларусь.
Для параўнання ў Літве крыху менш напружаная сітуацыя, колькасць уцекачоў меншая, але толькі адзінкі вырашаюць застацца ў Літве, большасць здаецца і вяртаецца да дому, кажа Рыта Шрадэйтэ, літоўскай арганізацыі Sienos grupe.
- У жніўні пачаліся выдаленні, перад тым людзей прымалі і накіроўвалі ў зачыненыя міграцыйныя Цэнтры. Агулам было недзе 4 тысячы ўцекачоў у 2 цэнтрах. Цяпер засталося менш за 500 чалавек. Гэта вынік палітыкі, каб зрабіць вельмі складанымі ўмовы для інтэграцыі. Мы спрабавалі некаторым дапамагчы з уладкаваннем, на маю думку, шмат хто застаўся б, калі б былі лягчэйшыя ўмовы. Мы дапамагалі тым, хто хацеў застацца, але яны здаваліся ды з'язджалі.
Юры Ліхтаровіч