Беларуская Служба

У інтэрнэт выкладзена лекцыя-гульня «Гадзіна адсюль на Усход» на тэму пратэстаў у Беларусі

16.12.2022 13:31
Гэта інтэрактыўная анлайн-гульня ў абарону грамадзянскіх правоў, арыентаваная на польскую моладзь. 
Аўдыё
  • У інтэрнэт выкладзена лекцыя-гульня «Гадзіна адсюль на Усход» на тэму пратэстаў у Беларусі
Прэзентацыя старонкіradyjo.net

Дзеянне гульні адбываецца ў Мінску ў 2020 годзе. Маладая пара Крысціна і Алесь павінны вырашыць, ці ўдзельнічаць у масавых акцыях пратэсту пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. А што, калі ім пагражае турма? Ці эмігруюць яны ў Польшчу? Што б вы зрабілі на іх месцы? Адказы на гэтыя пытанні шукаюць гульцы.

Вядучыя гульні – вопытныя педагогі – распавядаюць аб першапачатковых абставінах і мадэруюць дыскусію, а моладзь прымае рашэнні аб далейшых паводзінах персанажаў гульні.

Пачаткова аўтары праекту ладзілі лекцыі ў польскіх школах. Было праведзена паўсотні паўтарыгадзінных сустрэч з моладдзю са школ Падляшша і Мазовіі. У праекце прынялі ўдзел каля 1000 вучняў. Цяпер гульня даступная для кожнага на старонцы godzinastadnawschod.pl.

Выстаўляючы гульню ў агульны доступ аўтарка ідэі, грамадская актывіста Марыя Чыквін спадзяецца, што праект трапіць да як мага большай колькасці гледачоў і паўплывае на іх уражлівасць да складанага лёсу беларусаў, якія эмігравалі ці засталіся ў Беларусі.

- Мы хочам трапіць да класных настаўнікаў і дырэктараў школ, якія маглі б нас запрасіць да сябе з гэтай лекцыяй. Яна працягваецца 1,5 гадзіны і адбываецца анлайн. Гэтая лекцыя не акрэслівае дакладна, што добрае, а што кепскае, ніводны малады чалавек гэтага не любіць. Гэта таксама не нашая задача ў гэтыя цяжкія часы ацэньваць нечыя паводзіны. Але добра, калі яны сутыкнуцца з гэтымі пытаннямі. Гэта, між іншым, пытанне пра сучасныя тэхналогіі. Ці вучні разумеюць, што здымкі і відэа, якія яны робяць, і якія трапляюць у сеціва, могуць быць выкарыстаныя падчас парушэння свабоды, як гэта адбываецца ў Беларусі. Часта моладзь здзіўленая пабачаным на матэрыяле. Мы ўздымаем пытанне пра міграцыю. Расказваем, што беларусы пакінулі там сваіх бацькоў, сяброў, працу і трапілі ў краіну, дзе, паводле апошніх даследаванняў, палякі іх перастаюць любіць за ўдзел у вайне, у якую яны цалкам не імкнуліся трапіць. Таму, на маю думку, гэта праца ад пачатку: што гэта за правы, ці варта хадзіць на выбары, як лёгка і раптоўна нехта можа ў нас гэтыя правы забраць. Правы, якія пакаленне іх дзядоў, а маіх бацькоў з цяжкасцю адваявала.

Павал Станкевіч з фонду «Тутака» расказвае, што досвед сустрэч з вучнямі быў незвычайны, а дасягнуць мэты праекту ўдалося.

-Падчас лекцыі мы хацелі расказаць пра тое, што адбылося ў Беларусі і чаму, бо ўзровень ведаў польскіх вучняў на гэтую тэму цалкам нулявы. На пачатку мы пыталіся, з чым яны асацыююць слова Беларусь. І чулі: Лукашэнка, трактар, бульба, беднасць. Вельмі часта гэта былі стэрэатыпы. Пасля лекцыі мы задавалі тое ж пытанне. І чулі, што дзеці пад уражаннем, што больш разумеюць, казалі пра боль, жах, спачуванне. Таму я думаю, што мы дасягнулі мэту.

Ролі заканай пары сыгралі журналіст Алесь Залеўскі і акторка з Купалаўскага тэатру Крысціна Дробыш.

Праект грунтуецца на дакументальных матэрыялах і відэаблогах у стылі docufiction, заснаваных на рэальных гісторыях. Падкрэсліваецца ўнікальны феміністычны аспект мясцовых пратэстаў.

Урок – гульня, накіраваная на інфармаванне людзей пра пераслед і парушэнні правоў чалавека. Беларусь тут з’яўляецца тым выпадкам, які дапамагае ў эмпатыйным разуменні «іншага», а таксама ў прадухіленні дыскрымінацыйных паводзінаў і адносін у дачыненні да іншых меншасцяў, імігрантаў, якія жывуць побач.

ав