Беларуская Служба

1 мільён 300 тысяч украінскіх уцекачоў атрымалі польскі ідэнтыфікацыйны нумар

19.12.2022 08:08
Урад Польшчы вядзе перамовы з уладамі ў Кіеве адносна магчымай хвалі ўцекачоў.
Sejm uchwalił nowelizację ustawy o pomocy obywatelom Ukrainy
Sejm uchwalił nowelizację ustawy o pomocy obywatelom UkrainyPaństwowa Straż Pożarna/Twitter

Намеснік міністра сям’і і сацыяльнай палітыкі Польшчы Станіслаў Швед у эфіры Першага каналу Польскага радыё заявіў, што ўкраінскі бок не інфармаваў пра магчымую новую хвалю ўцекачоў. Аднак палітык падкрэсліў, што ўрад пастаянна сочыць за сітуацыяй на польска-ўкраінскай мяжы.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў Польшчу ўехалі больш за 8 мільёнаў чалавек, але больш за 6 мільёнаў пакінулі краіну, паведаміла Польская памежная служба.

Намеснік міністра сям’і і сацыяльнай палітыкі Польшчы Станіслаў Швед у інтэрв'ю Першаму каналу Польскага радыё падкрэсліў, што ўрад вядзе перамовы з уладамі ў Кіеве адносна магчымай хвалі ўцекачоў, аднак там перакананыя, што колькасць людзей, якія выедуць з краіны праз расійскія ракетныя атакі, не будзе крытычнай. Такім чынам Масква хоча справакаваць гуманітарны крызіс ва Украіне, які можа прывесці да новай хвалі ўцекачоў.

Пераважная большасць украінскіх бежанцаў – жанчыны з дзецьмі. Станіслаў Швед распавёў, як яны адаптуюцца да жыцця ў новай краіне. Намеснік міністра падкрэсліў, што цяпер у краіне працуе больш за мільён украінцаў, і яны не маюць ніякіх дадатковых прывілеяў, але маюць тыя ж правы, што і палякі, і таксама пазітыўна ўплываюць на эканамічнае разьвіццё краіны.

Аднак у Польшчы разумеюць, што новая хваля ўцекачоў усё ж можа прыбыць у краіну, калі расійскія захопнікі будуць працягваць разбураць энергетычную інфраструктуру і працягваць энергетычны тэрарызм. Відавочна, што зіма будзе цяжкай. Намеснік міністра сямʼі і сацыяльнай палітыкі Польшчы запэўніў, што ўрад супрацоўнічае з мясцовымі ўладамі, каб падрыхтаваць месцы для бежанцаў:

-Канечне, пакуль гэта ўсё ў тэорыі, бо калі гэтыя людзі не прыедуць у Польшчу ў такой колькасці, як мы прагназуем, то гэтыя месцы не будуць выкарыстаныя. Мы іх рыхтуем, у горшым выпадку можна будзе выкарыстоўваць спартзалы ў школах, рашэнне застаецца за ваяводамі і мясцовымі ўладамі. Галоўны кірунак – спецыяльныя сустрэчы з мясцовымі ўладамі буйных гарадоў, такіх як Варшава, Уроцлаў, Катавіцы. У гэтых гарадах найбольшая колькасць уцекачоў, як і раней туды, сапраўды, можа накіравацца найбольшая колькасць людзей. Аднак, маючы пэўны вопыт, мы разумеем, што пункты прыёму павінны быць гатовы, і яны ёсць. Хабы працягваюць працаваць. Напрыклад, у хаб у Сталёвай Волі прыязджаюць дзеці з прыёмных сем’яў. Некаторыя з іх самі прыехалі сюды. Мы рыхтуем усю гэтую інфраструктуру на выпадак такой складанай сітуацыі, я маю на ўвазе, калі колькасць бежанцаў павялічыцца.

Польскі палітык звярнуў увагу на тое, што краіна пакуль не атрымала еўрапейскай дапамогі на прыём украінскіх уцекачоў:

-Нам удалося эфектыўна вырашыць пытанне транспарту, я маю на ўвазе цягнікі ад мяжы ў глыб Польшчы. Разлічваем і на тое, што да дапамогі падключацца еўрапейскія краіны, гаворка ідзе пра фінансавую дапамогу. Мы не атрымліваем фінансавай дапамогі ад Еўракамісіі, шмат абяцанняў, але нічога не адбываецца. Варта таксама дадаць, што ўвесь абʼём гуманітарнай дапамогі, якая паступае з Еўропы, праходзіць праз нашу краіну. Ёсць спецыяльныя пункты пропуску.

Вяртаючыся да тэмы працаўладкавання ўкраінцаў, якія плацяць падаткі і ўзносы сацыяльнага страхавання, можна сказаць, што гэта добры прыбытак для дзяржаўнага бюджэту Польшчы, кажа намеснік міністра сям’і і сацыяльнай палітыкі Польшчы Станіслаў Швед:

-Грамадзяне Украіны, як і палякі, могуць карыстацца дзяржаўнымі паслугамі. Калі ўкраінка адпрацавала ў Польшчы 20 гадоў, а ўкраінец 25 гадоў, то яны будуць мець права на мінімальную пенсію, калі, вядома, плацілі ўнёскі. Грамадзяне Украіны павінны адпавядаць тым жа патрабаванням, што і нашы суайчыннікі. Асаблівых прывілеяў у іх няма. Польскі ўрад не хавае, што розныя групы, якія  прыязджаюць, важныя для нас. Калі казаць пра мужчын, то перш за ўсё  раней яны запоўнілі прабел у будаўніцтве і ў транспарце. Цяпер сітуацыя выглядае інакш. Зараз найбольшы працэнт замежнікаў - жанчыны, а яны працуюць на перапрацоўчых прадпрыемствах,  у сферы паслуг.

Вялікую ўвагу надаем медычнай сферы. У культурным і моўным плане ўкраінцаў прасцей падрыхтаваць да такой працы: запусціць спецыяльную праграму для медсясцёр, для лекараў, моўныя курсы для гэтых людзей. У нас ёсць шанец працаўладкаваць іх, хаця, з іншага боку, падчас перамоваў з украінскімі міністрамі мы разумеем, што ўкраінскі ўрад не хоча губляць сваіх грамадзян, таму што яны таксама рыхтуюцца аднаўляць сваю краіну, якая спазнае моцныя матэрыяльныя страты. Ім таксама зараз патрэбныя лекары і медсёстры.

Паводле Міністэрства сям’і і сацыяльнай палітыкі Польшчы, ідэнтыфікацыйны нумар PESEL атрымалі 1 мільён 300 тысяч украінскіх уцекачоў.

Слухайце аўдыё!

PR/эж

Польскі ўрад прыняў папраўкі ў закон аб замежніках

07.12.2022 10:11
Новыя правілы будуць, у прыватнасці, прымяняцца да грамадзян краін звонку ЕС.

Украінцы не маюць намеру пакідаць радзіму нават зімой

15.12.2022 10:13
Толькі сем працэнтаў рэспандэнтаў па ўсёй краіне сур'ёзна разглядаюць магчымасць пакінуць сваё месца жыхарства.