Польскія навукоўцы распрацавалі тэст на хваробу, ад якой пакутуе шмат жанчын. Гэтае захворванне не лічыцца небяспечным для жыцця, але можа сер’ёзна папсаваць яго якасць. Гэта эндаметрыёз. Рэгіянальнае выданне Kurier Lubelski паведамляе, што польскія навукоўцы стварылі генетычны тэст на эндаметрыёз, які выклікае сапраўдную рэвалюцыю ў яго дыягностыцы і дазволіць пачаць лячэнне хваробы на ранняй стадыі.
Эндаметрыёзам пакутуе кожная дзясятая жанчына дзетароднага ўзросту. Ужо вядуцца перамовы з лабараторыямі, якія хочуць увесці ў сваю прапанову тэст на адпаведнае генетычнае даследаванне. Асновай для распрацоўкі тэсту стала адкрыццё польскіх навукоўцаў з Варшаўскага медычнага ўніверсітэту: прафесара Яцэка Малейчыка і доктара Ілоны Калашчыньскай. Яны заўважылі, што ўзнікненне захворвання звязана з падвышанай экспрэсіяй мРНК – гена FUT4. «Гэта дазволіла стартапу Diagendo стварыць польскі тэст EndoRNA на аснове методыкі qRT-PCR – колькаснай ланцуговай рэакцыі палімеразы ў рэальным часе», – піша выданне.
Для правядзення генетычнага аналізу патрэбны матэрыял, сабраны гінеколагам з эндаметрыю падчас стандартнага агляду. Вынік можна атрымаць нават на працягу 48 гадзін.
«Мы спадзяемся, што ў лютым мы паведамім у нашых сацыяльных сетках пра першых партнёраў, у якіх будзе даступны тэст», – паведамляюць навукоўцы з Diagendo. «Тэст – гэта медычная прылада, прызначаная для прафесійнага карыстання. Гэта азначае, што лекар падчас звычайнага візіту можа ўзяць пробу і яна будзе даследавана ў дыягнастычнай лабараторыі».
нг