Беларуская Служба

Палякі правялі Каляды ў аптэках

28.12.2022 11:03
Фармацэўтаў на рынку становіцца ўсё менш, таму цяжка знайсці ахвотных працаваць ноччу і ў святочныя дні, кажуць эксперты.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePixabay

Найбольшая за апошнія гады колькасць заражэнняў грыпам прычынілася да таго, што палякі святочныя дні правялі ў чэргах у аптэках, паведамляе «Rzeczpospolita». Амаль 300 тысяч выпадкаў грыпу, павелічэнне колькасці інфекцый РСВ, які асабліва небяспечны для немаўлят і маленькіх дзяцей, а таксама COVID-19 – усё гэта прычынілася да таго, што ў апошнія дні многія палякі сутыкнуліся з праблемай, якая нарастала гадамі. Гаворка ідзе пра колькасць аптэк начнога і святочнага дзяжурства.

«Другога дня Калядаў у адной з дзяжурных аптэк у цэнтры Варшавы было столькі людзей, што пасля больш чым гадзіны чакання аказалася, што мне давядзецца чакаць наступную гадзіну. Хацеў набыць лекі для члена сям’іі, у якога падчас святочнага перапынку з’явіліся сімптомы грыпу. Я баяўся, што калі яшчэ пастаю сярод людзей, многія з якіх выглядалі хворымі, то сам захварэю», – кажа адзін з чытачоў газеты.

У сваю чаргу чытач з Лодзінскага ваяводства распавёў пра «экскурсію» па мясцовых дзяжурных аптэках, якую адбыў у Каляды.

Праблемы з доступам да дзяжурных аптэк, з якімі жыхары буйных гарадоў сутыкнуцца пры нагодзе хваляў інфекцый, гэта штодзённае жыццё жыхароў невялікіх гарадкоў.

Бернадэта Скобель з Аб’яднання паветаў Польшчы зазначае, што ёсць шмат паветаў, дзе няма ніводнай дзяжурнай аптэкі. Яна нагадвае, што хоць прызначэнне аптэк, якія павінны дзяжурыць у начны час і падчас святаў – гэта абавязак мясцовых органаў улады, то на самой справе муніцыпалітэты не маюць ніякіх інструментаў, каб прымусіць аптэкі выконваць гэты абавязак.

У сваю чаргу прэс-сакратар Вышэйшай фармацэўтычнай палаты Конрад Мадэйчык тлумачыць, што з пункту гледжання аптэк абавязкі начных і святочных дзяжурстваў – гэта перш за ўсё выдаткі на аплату дадатковай працы фармацэўта.

«Фармацэўтаў на рынку становіцца ўсё менш. Таму знайсці людзей, гатовых працаваць ноччу і ў святочныя дні ўсё цяжэй», – кажа Конрад Мадэйчык у размове з выданнем «Rzeczpospolita».

аз

З верасня грыпам захварэлі амаль два мільёны палякаў

27.12.2022 15:21
Намеснік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска паведаміў, што з 16 па 22 снежня было зафіксавана 279 тысяч захворванняў вірусам грыпу.