Беларуская Служба

Так дрэнна не было апошнія 10 гадоў. Імпарт патрыманых аўтамабіляў у Польшчу рэзка скараціўся

09.01.2023 10:32
Увесь мінулы год у гэтым плане быў значна горшы за папярэдні. 
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:qimono /pixabay.com/CC0 Public Domain

У снежні 2022 года ў Польшчы было зарэгістравана менш за 55 тысяч ужываных аўтамабіляў, увезеных з-за мяжы. Гэта амаль на 22 працэнты менш, чым у снежні 2021 года, вынікае з інфармацыі Інстытуту Самар. Увесь мінулы год у гэтым плане быў значна горшы за папярэдні. Сярэдні ўзрост увезеных легкавых аўтамабіляў – ажно 13 гадоў, піша эканамічны партал Money.pl.

Партал дадае, што найбольш патрыманых аўтамабіляў па-ранейшаму завозяць у Польшчу з Германіі, Францыі, Бельгіі і Нідэрландаў. Пятае месца ў гэтым спісе займаюць ЗША і гэта адзіны кірунак, адкуль павялічыўся імпарт у 2022 годзе. Летась з-за акіяна ў Польшчы прыехала амаль 38,6 тысяч легкавых аўтамабіляў – на 6,6 працэнта больш, чым у 2021 годзе. Для параўнання – імпарт з Германіі знізіўся на 24%.

Як каментуюць спецыялісты інстытуту, 2022 год пачаўся з абмежаванай прапановы аўтамабіляў. «Парушаныя каналы паставак, дэфіцыт сыравіны і камплектуючых спрыялі падаўжэнню часу чакання замоўленага аўтамабіля, а таксама сталі яшчэ адным фактарам росту коштаў. З часам даступнасць аўтамабіляў паляпшалася. Назіраўся рост прапановы ў асноўным на рынку прэміум-брэндаў і ў сегменце электрамабіляў, усюды, дзе ўдалося атрымаць больш высокую маржу», – адзначаюць яны.

Яны дадаюць, што нязначная тэндэнцыя росту апошніх месяцаў не дае падстаў для аптымізму. Канфлікт, які працягваецца ва Украіне, негатыўна адбіваецца не толькі на спажывецкіх настроях, але і на даступнасці сыравіны і камплектуючых, што выліваецца ў іх высокі кошт, што ў сваю чаргу вядзе да росту коштаў на асобныя мадэлі, што не спрыяе продажам.

ав