Беларуская Служба

Палякі запусцілі анлайн курс для медыкаў з Украіны

09.01.2023 11:30
Бясплатны курс павінен спрыяць прафесійнай актывізацыі, у першую чаргу, медперсаналу з Украіны.
Аўдыё
  • Палякі запусцілі анлайн курс для медыкаў з Украіны
Здымак мае ілюстрацыйны характарfernandozhiminaicela/pixabay.com/CC0 Public Domain

У панядзелак пачынаюцца курсы для медыкаў, якія прыехалі з-за ўсходняй мяжы і хочуць працаваць у польскай службе аховы здароўя. Курсы бясплатныя і яны будуць праходзіць у фармаце анлайн. Праект накіраваны, перш за ўсё, для медычнага персаналу з Украіны.

Арганізацыя аховы здароўя ў Польшчы – задачы сямейных лекараў, амбулаторная і шпітальная дапамога, фінансаванне медыцынскай дапамогі, выдача электронных лісткоў і электронных рэцэптаў – гэта толькі некаторыя з пытанняў, якія будуць абмяркоўвацца падчас курсу для медработнікаў з Украіны.

Курс павінен паспрыяць прафесійнай актывізацыі, у першую чаргу, медперсаналу з Украіны, паясняе каардынатар праекта прафесар Матэвуш Янкоўскі (Mateusz Jankowski) са Школы грамадскага здароўя Медыцынскага цэнтра паслядыпломнай адукацыі:

- Сістэма аховы здароўя ў Польшчы выразна адрозніваецца ад сістэмы, якая дзейнічае ва Украіне. У сувязі з гэтым на старонцы нашай вучэльні мы падрыхтавалі анлайн курс, у якім з 9 студзеня могуць удзельнічаць медработнікі з Украіны, якія хочуць працаваць у Польшчы.

Курс будзе даступны цягам 12 бліжэйшых месяцаў на адукацыйнай платформе цэнтра:

- Доступ да курсу бясплатны. Кожны ўдзельнік можа ў адвольным моманце да яго вярнуцца. Ён накіраваны да ўсіх медыкаў, якія атрымалі прафесійныя кваліфікацыі за межамі Польшчы. У асноўным гаворка ідзе пра лекараў з Украіны, але таксама пра медсясцёр, парамерыкаў – усіх, хто хоча працаваць у Польшчы і дапамагаць нашым пацыентам.

Назва курсу: «Арганізацыя аховы здароўя ў Польшчы». Яго тэматыка шырокая і практычная, а доступ да матэрыялаў на платформе электроннага навучання лёгкі і бясплатны. Мэта курсу – прадастаўленне базавых звестак аб арганізацыі аховы здароўя ў Польшчы, кажа прафесар Матэвуш Янкоўскі:

- Мэта курсу – прадставіць агульную інфармацыю, датычную прынцыпаў дзейнасці сістэмы аховы здароўя ў Польшчы. Гаворка ідзе пра найважнейшыя элементы, з якімі кожны медык будзе сутыкацца штодзённа ў сваёй працы. Гэта, як юрыдычныя пытанні, так і арганізацыйныя пытанні; будова сістэмы аховы здароўя ў Польшчы, структура ці роля Нацыянальнага фонду аховы здароўя.

Курс даступны на платформе: med-learning.cmkp.edu.pl.

- Мы падрыхтаваныя да любой колькасці ўдзельнікаў. Да ўдзелу ў курсе запрашаем усіх жадаючых. Абмежаванняў у гэтым аспекце няма. Курс працягваецца каля 10 дыдактычных гадзінаў. Ён даступны на платформе круглыя суткі. То бок у адвольным моманце можна запусціць запісы і пазнаёміцца са зместам дакладаў. Даклады на польскай мове, але мы загарантавалі надпісы па-ўкраінску, каб кожны медык змогу зразумець змест дакладу і пазнаёміцца з інфармацыяй, прадстаўленай у курсе.

Арганізатарам курсу з’яўляецца Медыцынскі цэнтр паслядыпломнай адукацыі ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, якая яго фінансуе.
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ўкраінска-польскую мяжу перасеклі больш за 8 мільёнаў чалавек. Многія з іх – гэта медыцынскія работнікі. Розныя ўстановы прадпрынялі крокі, каб стварыць для іх магчымасці працаўладкавання ў Польшчы.

Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, да гэтага часу лекары, стаматолагі, медсёстры, акушэркі і фельчары, у асноўным з Украіны, падалі ў польскае Міністэрства аховы здароўя больш за сем тысяч заявак на працаўладкаванне па спрошчаным парадку.

Паводле прафесара Матэвуша Янкоўскага, цэнтр выявіў дзве асноўныя перашкоды, з якімі сутыкаюцца медыкі з Украіны. Першая – гэта моўны бар’ер і няведанне польскай мовы, другая – арганізацыйны бар’ер і няведанне функцыянавання сістэмы аховы здароўя ў Польшчы, якая значна адрозніваецца ад украінскай.

Таму яшчэ ў сакавіку 2022 года, то бок неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай вайны ва Украіне, Медыцынскі цэнтр паслядыпломнай адукацыі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя арганізавалі бясплатныя курсы польскай мовы для медыкаў, якія прыехалі ў Польшчу. У іх прынялі ўдзел каля 1 500 чалавек – у асноўным лекары, стаматолагі, але таксама медсёстры і фельчары.
На сайце цэнтра падрыхтаваны таксама адмысловы польска-ўкраінскі слоўнік для медработнікаў, у якім змешчаныя найважнейшыя медыцынскія тэрміны.

Таксама ў Польшчу прыбыла чарговая група ўкраінскіх медыкаў. Яны пачнуць вучыцца аказваць дапамогу вайскоўцам і мірным жыхарам, якія атрымалі моцныя апёкі. Як раней паведамляла Канцылярыя прэзідэнта, праграму навучання лекараў з Украіны ініцыявалі ў кастрычніку мінулага года жонкі прэзідэнтаў Польшчы і Украіны – Агата Карнгаўзер-Дуда і Алена Зяленская. Рэалізацыю праграмы навучання медыкаў падтрымліваюць Памежная служба, Дзяржаўная пажарная служба, Фонд «Дапамога палякам на Усходзе», Аб’яднанне «Польская супольнасць», Бюро нацыянальнай бяспекі і міністэрствы аховы здароўя Польшчы і Украіны.

IAR/аз

Чарговая група ўкраінскіх медыкаў пачынае навучанне ў Польшчы

09.01.2023 08:10
Праграму навучання лекараў з Украіны ініцыявалі ў кастрычніку мінулага года жонкі прэзідэнтаў Польшчы і Украіны.