Беларуская Служба

Віталь Рымашэўскі: Трагедыяй для нацыі будзе, калі беларусы ў замежжы перастануць быць беларусамі

25.01.2023 08:11
Дапамога беларускім ініцыятывам у Беларусі і ў рэлакацыі – так галоўныя задачы Руху беларускай салідарнасці акрэслівае яго сузаснавальнік.
.
..

Дапамога беларускім ініцыятывам, які працуюць у рэлакацыі, але і тым, якія засталіся ў Беларусі – так галоўныя задачы Руху беларускай салідарнасці акрэслівае яго сузаснавальнік Віталь Рымашэўскі, член Каардынацыйнай рады. Тыя, хто з’ехаў і мае больш свабоды ды магчымасцяў, павінны дапамагаць тым, хто застаўся. Па-другое, неабходна актывізаваць людзей, якія ў 2020 годзе выходзілі на пратэсты і гуртаваліся ў супольнасці, гаворыць Віталь Рымашэўскі.

-Мы гэтых людзей трацім. Мінулы год я б назваў годам страчаных магчымасцяў ва ўсіх тытульных грамадска-палітычных утварэнняў. Рабілася шмат палітычных заяваў, заклікаў да знешнепалітычных партнёраў, але мала хто звяртаў увагу на тое, што трэба шырыць камунікацыю і ўцягваць у сённяшняе жыццё людзей, якія ў 2020 годзе далучыліся да грамадска-палітычнай дзейнасці, бо жыццё бывае розным. Мы не прайгралі, Лукашэнка проста выйграў бой. У 2020 годзе рэвалюцыя не атрымалася, я б нават не сказаў, што гэта была рэвалюцыя, а змаганне за рэальныя вынікі выбараў. Але гэта не пройгрыш. Большасць беларусаў па-ранейшаму хоча дэмакратычных зменаў і гатовая змагацца. Рух беларускай салідарнасці мы разглядаем як раз як такую пляцоўку- акселератар, якая дапамагае гэтым ініцыятывам.

Віталь Рымашэўскі гаворыць, што ў першую чаргу яны стараюцца падтрымліваць ініцыятывы, з якімі яны працавалі ў Беларусі як каманда хрысціянскіх дэмакратаў і Каардынацыйная рада: прафсаюзы студэнтаў, настаўнікаў, дваравыя ініцыятывы. У лістападзе па ініцыятыве Руху прайшла вялікая канферэнцыя па адукацыі, куды былі запрошаныя ўсе незалежныя адукацыйныя ініцыятывы. Была заснавана асасыяцыя беларускіх выкладчыкаў, якая будзе адстойваць правы настаўнікаў і выкладчыкаў у цяперашніх умовах.

Віталь Рымашэўскі лічыць, што магчымасцяў для працы шмат, таксама на карысць беларусаў, якія застаюцца ў краіне.

-Я бачу, як шмат магчымасцяў не выкарыстоўваецца. Мы можам адсюль дапамагаць беларусам. У Беларусі людзі працягваюць жыць. Парасткі нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскай супольнасці нікуды не зніклі. Чаму нельга распаўсюджваць беларускія кнігі? Я перакананы, што большасць чытае ў інтэрнэце, а там мала беларускіх бібліятэк. Не хапае фільмаў у перакладзе на беларускую мову, мульцікаў. Гэта безліч рэчаў, якія можна і трэба ствараць. Дагэтуль няма пляцовак, якія б дасяжна распавядалі пра магчымасці альтэрнатыўнай адукацыі. Сем’і палітвязняў засталіся ў Беларусі, яны ў бядзе, просяць дапамогі, якой не хапае. Пасля пачатку вайны ва Украіне сістэма данатаў абвалілася і гэта праблема, якую мы павінны вырашаць. Людзям, якія з’ехалі, трэба даваць магчымасць займацца грамадскай дзейнасцю, падтрымліваць нізавыя ініцыятывы. Для гэтага патрэбныя пляцоўкі, навыкі рэгістрацыі, пошукі фінансавання. І нашая каманда ўсё гэта робіць.

Праблемы дыяспары. Я перакананы, што большасць вернецца ў Беларусь, але хтосці застанецца і гэта не катасрофа. Катастрофай для нацыі будзе, калі яны перастануць быць беларусамі.

Рух беларускай салідарнасці дае магчымасць выкарыстоўваць іх каворкінг для правядзення мерапрыемстваў, дапамагае кантактаваць з польскімі ўладамі і СМІ, дапамагае падрыхтаваць грамадскі праект, распрацоўваць вэб-сайты, запісваць рэкламныя відэаролікі, шукаць экспертаў для ініцыятываў. Адным словам, Рух аказвае арганізацыйную і інфармацыйную падтрымку ініцыятывам, якія маюць план, але ім не стае досведу і ведаў, як гэта зрабіць у эміграцыі.

ав