Беларуская Служба

Belarus Business Center: Беларускі бізнес у Польшчы генеруе мінімум 1 мільярд еўра

22.11.2023 16:16
Пра гэта расказаў прадстаўнік Belarus Business Center падчас прэзентацыі даследаванняў, прысвечаных беларускай бізнес-міграцыі. 
Аўдыё
  • Belarus Business Center: Беларускі бізнес у Польшчы генеруе мінімум 1 мільярд еўра
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/Kamil Zajaczkowski

Belarus Business Center ZPP аналізаваў сітуацыю беларускага бізнесу у трох краінах – Польшчы, Латвіі і Літве. Мы раскажам, што пра беларускія фірмы ў Польшчы расказаў эксперт цэнтра.

Міграцыя беларускага бізнесу адбываецца на фоне эканамічнага крызісу, які распачаўся ў 2020 годзе. Аўтары дакладу лічаць, што гэта самы сур’ёзны крызіс за апошнія 10 гадоў, канца якога, на жаль, не бачна. МВФ прагназуе крайне нізкія перспектывы для беларускай эканомікі. І гэта беручы пад увагу факт, што арганізацыя базуе свае прагнозы выключна на агульна даступнай інфармацыі, якая ў Беларусі заўсёды больш аптымістычная, чым сапраўдная.

У выніку бізнес пачаў міграваць. Дмітры Данільчук ва ўступе адзначыў, што яны прапануюць выкарыстоўваць назву як раз бізнес-міграцыя, а не рэлакацыя. Дык вось, яны вывучылі сітуацыю беларускага бізнесу, якія эміграваў у Польшчу, Літву і Латвію.

Найбольшы паток міграцыі з Беларусі накіраваны менавіта ў Польшчу. Акрамя ранейшых магчымасцяў атрымаць ВНЖ па карце паляка, былі ўведзены іншыя магчымасці, тыпу бізнес-візы і гуманітарныя ВНЖ. Дзмітры Данільчук тлумачыць, да чаго гэта прывяло:

-Гэта прывяло нас да таго, што ў другім квартале 2023 года, была рэкордная колькасць грамадзян Беларусі, зарэгістраваных у ZUS. На днях там зрабілі заяву, што стабільнасць ZUS у апошнія гады была падтрымана выключна іншаземцамі, то бок дзякуючы ўкраінцам і беларусам, але па ўкраінцах трэнд больш негатыўны, па беларусах – крайне высокі. Грамадзяне Беларусі адыгрываюць значную ролю ў стабільнасці польскай сістэмы сацыяльнага страхавання.

Больш за 120 тысяч працаўладкаваных і амаль 6 тысяч кампаній – гэта дадзеныя ZUS. Пры гэтым пад увагу не ўзятыя тыя беларусы, якія апошнім часам атрымалі польскае грамадзянства.

З 2020 года дэманструецца рэкордны рост колькасці зарэгістраваных беларускіх фірмаў. У 2021 – рост удвая, у 2022 – зноў удвая. У 2023 дынаміка выроўніваецца.
Найбольшая колькасць фірмаў пераехала ў Варшаву і Мазавецкае ваяводства, потым ідуць Беласток і Бяла Падляска, далей Гданьск, Сопат і Гдыня, а таксама Уроцлаў.

Лідзіруюць чатыры сектары эканомікі: аптовы і рознічны гандаль, лагістычна-транспартны сектар, будаўнічы і інфармацыйна-камунікацыйны сектары.

Дзмітры Данільчук кажа, што гэта вельмі значная колькасць:

-У выніку дзейнічае 6 тысяч кампаній з беларускім капіталам (адзін з заснавальнікаў – беларуская фізічная ці юрыдычная асоба). Гэтыя лічбы могуць быць як заніжаныя, так і завышаныя. Мы не ведаем, колькі з гэтых кампаній не дзейнічаюць: яны існуюць, але там не адбываецца рэальнай эканамічнай дзейнасці. З іншага боку, вялікая колькасць беларусаў асімілявалася і атрымала грамадзянства. Іх бізнесы лічацца польскімі. Мы ацэньваем, што кампаніямі-пустышкамі з’яўляюцца 20% з іх. Рэкорды б’е колькасць ІП у Польшчы. Кожны квартал рэгіструецца па 2 тысячы ІП. У суме ў Польшчы 11 тысяч прадпрымальнікаў. Але таксама ў большасці выпадкаў гэта не рэальна дзейсны бізнес.

У большасці гэта сектар ІТ (66% выпадкаў), дзе прадпрымальніцкую дзейнасць выкарыстоўваюць як фармат працаўладкавання.

Дзмітры Данільчук расказаў, што па адкрытых дадзеных вядома, што беларускі бізнес у Польшчы генеруе мінімум 1 мільярд еўра. Эканоміка атрымлівае не толькі інавацыйныя кампаніі, але і прыток кваліфікаванай працоўнай сілы.

Прадстаўнік Belarus Business Center распавёў і пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія бізнесоўцы:

-Тры пункты выдзяляюцца. Гэта легалізацыя, асабліва актуальная для Прыбалтыкі. Другое – доступ да фінансавання. Гэта праблема, якую вельмі цяжка вырашаць. Трэцяе – пошук працаўнікоў. Беларускія кампаніі не ўмеюць шукаць працаўнікоў на гэтым рынку. Беларускія кампаніі хочуць звычайна працаўніка, які будзе размаўляць на мове краіны, дзе працуе, і на мове заснавальніка. Таму праблема пошуку працаўнікоў важная, яе ніхто не вырашыў. Сярод праблем, якія складана вырашаць, – продажы. Некаторыя бізнесы з-за гэтага банкрутуюць.

Латвія застаецца для беларускага бізнесу terra incognitо. Там дзейнічае 371 кампанія. Калі казаць пра Літву, то там беларускі бізнес засяроджваецца толькі і выключна ў Вільні. Астатняя тэрыторыя – гэта таксама terra incognito.

Калі казаць пра балтыйскія краіны, то Дзмітры Данільчук звярнуў увагу на негатыўныя трэнды. У Літве назіраецца вельмі моцнае зніжэнне колькасці беларускага бізнесу. У Латвіі падзенне ёсць, але не значнае. Прычыны ў стаўленні ўладаў гэтых краін да беларусаў і беларускага бізнесу. І гэта нягледзячы на тое, што беларускі бізнес прыносіць велізарны ўклад у невялікія эканомікі Літвы і Латвіі.

ав

слухайце аўдыё