Беларуская Служба

Польская паліцыя шукае супрацоўнікаў у кадэцкіх класах і сярод пенсіянераў

14.11.2024 13:01
Змены ў правілах прыёму на працу ў паліцыі - гэта адзін са сродкаў урада на ліквідацыю гістарычнага кадравага крызісу ў гэтым фармаванні.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:arembowski/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскай паліцыі трэба больш грошай і прэстыжу службы, а не паніжэння крытэраў у дачыненні да будучых функцыянераў. Без гэтага кадравы крызіс будзе працягвацца, канстатуе Rzeczpospolita.

Газета нагадвае, што змены ў правілах прыёму на працу ў паліцыі - гэта адзін са спосабаў урада на ліквідацыю гістарычнага кадравага крызісу ў гэтым фармаванні.

Гаворка ідзе пра так званы антывакансійны закон, які дзейнічае ўжо тыдзень і дазваляе былым функцыянерам вяртацца на службу на больш простых умовах, а таксама на аблегчаны набор выпускнікоў кадэцкіх класаў. У аўторак быў апублікаваны праект пастановы, які рэгламентуе гэтыя змены.



Паводле прафесара Тамаша Саф'яньскага(Tomasz Safjański) з Вышэйшай школы бізнесу (Akademia WSB) - гэта памылка. Змены сведчаць пра тое, што паліцыя шукае кандыдатаў сярод маламатываваных і малакваліфікаваных людзей, што выклікае велізарныя выдаткі і не гарантуе іх утрымання на службе надоўга.

«Польская паліцыя проста не можа сабе дазволіць на слабых кандыдатаў. Нават пры вялізных выдатках на іх падрыхтоўку і аснашчэнне яны не будуць паліцэйскімі прафесіяналамі. Прынятыя рашэнні не ліквідуюць катастрафічнай кадравай сітуацыі. Колькасць вакансій будзе павялічвацца і можа дасягнуць 20 тысяч у лютым 2025 года», - кажа прафесар Саф'яньскі.

Паводле штодзёнкі, кадравы дэфіцыт у паліцыі і без таго сур'ёзны. Толькі Варшаве не хапае 2,5 тысячы функцыянераў, што складае амаль 25 працэнтаў ад усіх штатаў у сталіцы. У іншых рэгіёнах краіны сітуацыя не нашмат лепшая.

Высокі працэнт вакансій - больш за 10 працэнтаў - фіксуецца ў васьмі ваяводствах Польшчы. Для поўнай рэалізацыі кадравых патрэбаў па ўсёй краіне неабходныя 13,7 тысячы новых супрацоўнікаў, на жаль, на канец верасня іх нанялі 3 940 чалавек.  

аз