З моманту атрымання незалежнасці ў 1991 годзе ў Беларусі выйшла пяць генерацый падручнікаў па гісторыі. На іх змест уплывае шэраг фактараў.
Напрыклад, унутраная палітычная эвалюцыя — пераход ад ідэйных установак на інтэграцыю з Расіяй да бачання дзяржаўнай аўтаноміі, гэта прывяло да з’яўлення новых падручнікаў. Мінадукацыі распрацоўвае рэформы, і гэта таксама адбіваецца на выкладанні гісторыі. У 2010 гадах гісторыя Беларусі выкладалася паэтапна. Цяпер гэтая схема змянілася. З 6 па 9 клас выкладаецца ўся гісторыя Беларусі — ад старажытнасці да 21-га стагоддзя. У 10-11 класах гісторыя выкладаецца зноў ад пачатку да канца, але на больш грунтоўным, паглыбленым узроўні.
«Уся гісторыя падаецца з зыходнага пункта, што ёсць Рэспубліка Беларусь. О бок усё інтэрпрэтуецца праз гэтую прызму, што гістарычныя падзеі былі падмуркам для беларускай дзяржаўнасці, — распавядае акадэмічны дырэктар Беларускага Інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. — У той жа час у сучаснай гістарыяграфіі гэта часта адкідаецца, але ёсць розніца паміж школьнай адукацыяй і гістарыяграфіяй.
Выкарыстоўваецца тэрмін «гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Гэтым карыстаюцца колы вакол Ігара Марзалюка, а таксама ў Інстытуце беларускай гісторыі. Гісторыя рэпрэзентуецца як пошук ідэальнай мадэлі моцнай улады, якая б рэпрэзентавала беларускую дзяржаўнасць».
Беларуская дзяржаўнасць падаецца як прадукт больш чым 1000-гадовага развіцця, першым беларускім дзяржаўным утварэннем паказваецца Полацкае княства.
Аляксей Ластоўскі адзначае, што пасля 2020-га года ўзрасла інтэлектуальная і палітычная залежнасць ад Расіі. Гэта прымушае паглядзець, што адбываецца з гістарычнымі наратывамі.
Гісторык прааналізаваў шэраг падручнікаў па гісторыі для школы, падручнік па гісторыі аўтарства вядомага гісторыка Ігара Марзалюка, а таксама кнігу «Генацыд беларускага народа», якая фактычна з'яўляецца зборнікам матэрыялаў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. І да гэтага выдання ў Аляксея Ластоўскага найбольш пытанняў.
Як рэпрэзентуюць асноўныя падзеі ў гісторыі Беларусі?
Полацкае княства прадстаўляецца як незалежнае ўтварэнне. Вялікае Княства Літоўскае —як поліэтнічная дзяржава. Далучэнне зямель адбывалася рознымі шляхамі, але пераважна праз мірныя дамовы. Падкрэсліваецца, што ВКЛ з’яўляецца калі не выключна беларускай дзяржавай, то дзяржаваю, якая была пабудавана на беларускіх тэрыторыях і з удзелам беларускага этнасу. Даволі нейтральна адлюстравана гісторыя Рэчы Паспалітай, ёсць акцэнт на захаванне самастойнасці ВКЛ.
«Відавочна, адбылося моцнае рэдагаванне»
Аляксей Ластоўскі звяртае ўвагу, што ў падручнікі вярнулася вызначэнне вайны 1812 года як «Айчыннай»:
«Гэта было адно з патрабаванняў расійскага боку. Цікава, што ў загалоўку вайна называецца «Айчыннай», але далей гэта нідзе не выкарыстоўваецца, падзеі апісваюцца нейтральна, расказваецца пра падтрымку вялікай часткай мясцовай шляхты войкаў Напалеона, усе супярэчнасці. Пайшлі на саступкі і скарысталі гэтую назву, але адлюстраванне падзеі не з’яўляецца прарасійскім».
Таксама гісторык звяртае ўвагу, што філаматы і паўстанцы 1860-ых гадоў паказаныя як «польскія дваранскія рэвалюцыянеры».
«Паўстанне 1863 года апісваецца максімальна нейтральна, без характарыстык. У нацыянальнай гістарыяграфіі паўстанне 1863 года называецца паўстаннем пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, у падручніку гэтага ўжо няма. Відавочна, адбылося моцнае рэдагаванне. Няма згадак пра «Мужыцкую праўду» і «Лісты з-пад шыбеніцы» Каліноўскага, калі ён звяртаўся да беларускіх сялян. Не згадваецца дыскусіі пра праект беларускай дзяржаўнасці, за які змагаліся паўстанцы. З падручніка ўжо прыбраны партрэт Кастуся Каліноўскага. Гэта першы падручнік па гісторыі Беларусі, з якога прыбралі партрэт Каліноўскага», — звяртае ўвагу гісторык.
БНР апісваецца нейтральна. Адзначаецца, што «рэалізаваць ідэі аб нацыянальнай свабодзе і дзяржаўнай самастойнасці ў БНР не атрымалася». Сталінскія рэпрэсіі згадваюцца, але не згадваюцца Курапаты.
Ёсць прынцыповая антыпольская пазіцыя, калі апісваюцца падзеі міжваеннага перыяду, уваходжанне тэрыторыі Заходняй Беларусі ў склад Польшчы.
Аляксей Ластоўскі звяртае ўвагу, што ў падручніку аўтарства Ігара Марзалюка ўвогуле няма перыяду існавання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. І агулам праз увесь падручнік праходзіць ідэя, што беларусам характэрнае памкненне да моцнай улады. Такім чына падводзіцца, што архітэпічныя ідэалы ўвасабляе прэзідэнцкая дзяржава. Адпаведна, Аляксандар Лукашэнка ўвасабляе гістарычны працэс Беларусі.
Адбываецца сек’юрыцізацыя
Таксама гісторык звяртае ўвагу на кнігу «Генацыд беларускага народа». Кніга складзеная з матэрыялаў Генпракуратуры. Яны не адаптаваныя да школьнага ўзросту, то бок аўтары вядуць аповед з падрабязным апісаннем падзей, фотаздымкамі ахвяр і г.д.
Гэта тое, што называецца сек’юрыцізацыяй — калі супрацоўнікі сілавых структур пачынаюць займаць ключавую ролю ў тым, як рэпрэзентаваць гісторыю, гаворыць Аляксей Ластоўскі. Ён адзначае моцную палітызацыю нарацыі, актыўнае выкарыстанне фальсіфікацый, каб максімальна павялічыць колькасць ахвяраў.
«Напрыклад, можна згадаць як прадстаўлена гісторыя лагера «Трасцянец» — гэта не суадносіцца з гістарычнымі работамі і нават супярэчыць іншым падручнікам, дзе гаворыцца пра 206 500 чалавек ахвяраў, а Генпракуратура нарошчвае лічбу да 460 тысяч ахвяр. «Трасцянец» паказваецца як лагер смерці, дзе людзі маглі пражыць толькі 2-3 месяцы. Але «Трасцянец» — комплексны аб’ект, дзе расстрэльвалі пераважна габрэяў, вывезеных з Еўропы, там жа быў працоўны лагер, які СД выкарыстоўвалі для сваіх патрэб. Але нічога з гэтага не бярэцца да ўвагі», — гаворыць гісторык.
Гэтыя фальсіфікацыі відавочныя і ў апісанні Арміі Краёвай, яна падаецца як гітлераўскія памагатыя, якія хацелі знішчыць беларусаў.
Вокладка кнігі «Генацыд беларускага народа»
Гісторык звяртае ўвагу на метадалогію выкладання драматычных падзей ў падручніках па гісторыі. Напрыклад, падручнік для пачатковай школы пачынаецца з фармуліроўкі генацыду, ідзе апісанне масавых забойстваў з боку немцаў.
«Небяспечны трэнд — выкарыстанне генацыду ў палітычных мэтах. Уводзіцца згадка пра пратэсты 2020 года і там гаворыцца, што ўдзельнікі пратэстаў не толькі выкарыстоўвалі нацысцкія лозунгі, але і нацысцкія метады».
Да слова, кніга «Генацыд беларускага народ» не з’яўляецца падручнікам па асобным курсе. Рэкамендуецца ўводзіць гэтую інфармацыю падчас выкладання нейкіх тэмаў на ўроках гісторыі, літаратуры. То бок кніга мусіць быць крыніцай інфармацыі.
2020 год згадваецца ў падручніку па гісторыі для 10-11 класаў, але толькі факт правядзення выбараў і вынікі галасавання паводле ЦВК. У падручніку Марзалюка гаворыцца, што падзеі 2020 года вымусілі грамадскасць і ўлады звярнуцца да абнаўлення, прыняць новы варыянт Канстытуцыі. Але пра самі падзеі канкрэтна нічога няма.
Некаторыя моманты расіяне ўсё ж «прадавілі»
Фактычна маем моцнае разыходжанне паміж сучаснай гістарыяграфіяй, асабліва еўрапейскай і тым, як гісторыя прадстаўляецца ў беларускіх падручніках, падкрэслівае Ластоўскі.
«Агульная бяда нашых школьных падручнікаў у тым, што маем нейкі факт, напрыклад, у ХІХ стагоддзі была мяжа аселасці габрэяў, у гарадах да 70% насельніцтва складалі габрэі, але як яны жылі, што гэта за людзі былі — не распавядаецца», — звяртае ўвагу Аляксей Ластоўскі.
Такім чынам, радыкальнай змены канцэпцыі выкладання гісторыі пасля 2020 года не адбылося. Ёсць замацаванне доўгай генеалогіі беларускай дзяржаўнасці ад часоў Полацкага княства. Не адбылося моцнага павароту на карысць Расіі, але некаторыя моманты расіяне ўсё ж «прадавілі» — найперш гэта тычыцца рэпрэзентацыі паўстання 1863 года.
вх