Беларуская Служба

Андрусь Такінданг: «Я думаю, што найлепшы працоўны кабінет – гэта вагон цягніка»

29.12.2024 07:00
Гутарка з музыкантам пра 2020 год, эміграцыю, падарожжы і святы. 
Аўдыё
  • Гутарка з музыкантам Андрусём Такіндангам.
 .
Андрусь Такінданг.Фота: Павел Залескі / Беларуская служба Польскага радыё

Для мяне 2020-ы год – гэта канцэрты, шмат новых знаёмых і неверагоднае адкрыццё – я пазнаёміўся са сваім народам, са сваёй краінай, – кажа музыка Андрусь Такінданг. – І дагэтуль я пад уражаннем ад гэтага знаёмства, бо думаў адно, а аказалася, што мая краіна пераўзыходзіць мае самыя лепшыя мары, фантазіі, куды больш прыгожая і моцная.

– Апошнім часам, калі сустракаю вас недзе ў інтэрнэце, то вы заўсёды ў новых месцах, новых гарадах. Неяк падумалася, а дзе ваш пастаянны дом цяпер?

– Асноўны дом – гэта мой любы горад Мінск. А так сапраўды цяпер такі стан вандроўкі, як я кажу, такая творчая камандзіроўка. Нядаўна быў такі тур па Нямеччыне: мы вазілі свой новы альбом “Мір і супакой”, выступалі ў Швейцарыі, заязджалі ў Славакію. А цяпер вось калядны перыяд, і мы робім гастролі з дзіцячым праектам па розных адукацыйных установах.

– Якія ўражанні прывозіце з такіх вандровак?

– Раней, калі былі гастролі, то было цікава пабачыць на канцэртах, скажам, сярод немцаў альбо палякаў некалькі беларусаў. А цяпер, калі ты прыязджаеш, то ў зале 99% беларусаў і толькі некалькі замежнікаў. З аднаго боку, гэта лёгка і прыемна, радасна для сваіх іграць. Але з іншага боку сумна, што нас так шмат паўсюль зараз, а мы не дома.

– Што вас найбольш уразіла ў Еўропе?

– Кожны горад мае нейкую сваю асаблівасць. Напрыклад, калі ты ў Варшаве, то проста на вуліцы можаш сустракаць знаёмых нават больш рэгулярна, чым у Мінску, і чуць беларускую мову. У кожным горадзе ёсць свая беларуская суполка, якая нечым адметная. Але што ўражвае – добразычлівасць і жаданне дапамагчы. Мае шматлікія гастролі адбываюцца дзякуючы беларускім суполкам, якія бяруць на сябе арганізацыйныя пытанні. А я разумею, як гэта складана – арганізаваць лагістыку, прадумаць і дамовіцца наконт пляцовак канцэртных. Але людзі бяруць на сябе адказнасць, вырашаюць усё гэта і арганізуюць канцэрты. Гэта такая навука з 2020 года, калі людзі самі арганізоўваюць, самі нешта ладзяць, адчуваюць сябе гаспадарамі свайго лёсу і могуць дапамагаць іншым. Я і цяпер сутыкаюся з тым, што людзі вельмі арганізаваныя і адказныя, і гэта мяне ўражвае.

– А гэтыя вандроўкі, такое новае жыццё – як яно ўплывае на творчасць?

– Гэта дапамагае, бо калі ёсць такі кантакт з гледачом, калі ёсць паездкі, то гэта натхняе прыдумляць нешта новае і дадае табе энергіі. Вядома, што дарога стамляе, але калі ты сустракаешся з людзьмі, размаўляеш, усміхаешся, то гэта дадае табе сілаў на новыя песні.

– Аб чым цяпер вашы новыя песні? Як вы гэта самі вызначаеце?

– Зараз у калядны перыяд мы іграем для дзяцей. Калі казаць пра песні для дарослых, то гэта наш апошні альбом “Мір і супакой”. Ён актуальны, бо там пра тое, што кожнаму з нас баліць: пра Радзіму, пра нейкія беларускія прыгоды. І кожная песня прысвечаная канкрэтнай асобе, якая перажыла ці то ўцёкі, ці то цяпер перажывае нейкія выпрабаванні ў Беларусі.

– Я таксама звярнуў увагу на тое, што вы пачалі прысвячаць песні канкрэтным асобам. Што гэта значыць?

– Я раней пазбягаў гэтага, бо мастацтва павінна быць для ўсіх, усеагульным. Але ёсць такія гісторыі, якія ўражваюць, яны такія моцныя, што пакідаюць адбітак. Я падумаў, што калі не цяпер, то калі прысвячаць людзям песні, калі яны праходзяць праз немагчымыя цяжкасці і пераадольваюць іх. Само жыццё гэтых людзей варта таго, каб апісаць яго ў песнях.

– Чый лёс вас найбольш уразіў, калі вы вырашылі прысвяціць яму песню?

– Я не магу называць імёны, бо людзі жывуць у Беларусі. Але калі казаць агульна, то ёсць тыя, хто перажывае ў Беларусі вялікі ціск, пры гэтым захоўваюць бадзёрасць і натхняюць сваёй прысутнасцю астатніх. Нават з’яўляюцца прыкладам для нас, хто вандруе і знаходзіцца ў бяспецы. Тыя людзі, якія знаходзяцца ў небяспецы, сваім гартам даюць нам сілы, надзею і веру.

– Ці ўзгадваецца вам той 2020 год?

– Больш-менш мы ўсе знаходзімся ў гэтым стане і трохі застылі ў ім – ён для нас расцягваецца на гэтыя ўжо пяць гадоў. Вось што мне прыгадваецца з часоў адбывання тэрміну, дык гэта цікавыя лекцыі па гісторыі. А яшчэ сярод нас быў бізнесовец, які чытаў лекцыі па бізнесе. Гэта быў час насычаны размовамі, вельмі пазнавальны і адукацыйны. Са мной тады нічога трагічнага не адбылося – нейкія нязручнасці, але гэта кропелька ў параўнанні з тым, як некаторыя людзі сапраўды церпяць і дагэтуль. Для мяне 2020-ы год – гэта канцэрты, шмат новых знаёмых і неверагоднае адкрыццё: я пазнаёміўся са сваім народам, са сваёй краінай. І дагэтуль я пад уражаннем ад гэтага знаёмства, бо думаў адно, а аказалася, што мая краіна пераўзыходзіць мае самыя лепшыя мары, фантазіі, куды больш прыгожая і моцная.

– А што для вас азначае эміграцыя?

– Я, як музыка, не магу гэтага яшчэ ўсвядоміць, бо мы заўсёды ездзілі на гастролі замежныя. І для мяне дагэтуль гэта нейкая гастроль, якая зацягнулася, нейкая бестэрміновая камандзіроўка. І таму я пакуль адчуваю сябе турыстам-вандроўнікам.

– А вось калі вы цяпер у іншай краіне сустракаеце 99% гледачоў-беларусаў – што думаеце пра іх?

– У кожнага свая гісторыя. І я вельмі ўсцешаны, калі людзі больш-менш добра ўладкоўваюцца, вырашаюць свае побытавыя пытанні, калі яны не мусяць змагацца за існаванне, а ўладкавалі сваё жыццё. І, вядома, мне хочацца, каб мы мелі магчымасць усе вярнуцца, але разумею, што ў некаторых людзей жыццё ўжо па-іншаму выбудоўваецца. Самае галоўнае, каб чалавек меў магчымасць сябе больш-менш нармальна адчуваць.

– Што датычыць творчасці. Вы цяпер шмат у пераездах, няма часу, каб супакоіцца і нешта тварыць. Як тады пісаць новае?

– Вельмі цудоўна пішуцца тэксты ў дарозе ў цягніках. Я думаю, што найлепшы працоўны кабінет – гэта вагон цягніка. Сабе спакойна едзеш, колы грукочуць, за вакном краявіды, і ты абдумваеш сустрэчы і размовы, якія потым нараджаюцца ў выглядзе песень.

– А што апошняе ў вас з’явілася, самае новае?

– Альбом “Мір і супакой” выйшаў напачатку восені, і там кожная песня – гэта прысвячэнне людзям, якія ў Беларусі альбо ў вандроўцы. Гэта такі прабеларускі цалкам альбом.

– У вас канцэрты і адмыслова дзіцячыя, і для дарослых. Чым яны розняцца?

– Гэта цалкам розныя канцэрты і розны рэпертуар. Часам для дзяцей гэта нешта больш адказнае, бо дзіцячая публіка самая чуллівая, і не заўсёды дзеці хочуць спяваць хорам – трэба па-іншаму выбудоўваць з імі адносіны.

– Паколькі вы цяпер і вандроўнік, і шмат часу знаходзіцеся на гастролях, як адзначаеце Каляды?

– Цяпер можна схадзіць у касцёл. Я буду адзначаць гэтыя Каляды ў Кракаве, а там ёсць беларуская парафія, ёсць каталікі-беларусы, і там у супольнасці, то-бок не самотна, сярод вернікаў можна адзначыць Божае Нараджэнне. Ну і, вядома, з’есці карпа, куцю…

– Што б вы пажадалі сваім слухачам у гэтыя святочныя дні?

– Свята – гэта нагода для радасці. І вядома, што часы розныя бываюць, але трэба выкарыстоўваць любую нагоду для радасці. Таму паспрабуйце радавацца, і хай з намі здарыцца цуд, і Бог нам усім дапаможа.

– А я дзякую Андрусю Такіндангу за гутарку і далучаюся да яго святочных віншаванняў.

 

Павел ЗАЛЕСКІ